Фінансавая дапамога для беларускай актывісткі, якая з'ехала ў Літву ад крымінальнага пераследу

  • Гісторыя

Добры дзень!
Мяне завуць Таццяна Петруковіч. З 2020 года я супраціўлялася рэжыму як магла, не здавалася да апошняга, але цяпер вымушана прасіць вас аб дапамозе! Я апынулася ў Літве літаральна з пустымі рукамі без дакументаў і ўсяго, што было ў мяне дома.

Мая гісторыя пачалася з перадвыбарнай кампаніі 2020 году. Я запісалася ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, збірала подпісы ў ягоную падтрымку. З 9 жніўня 2020 года, як толькі закрыліся выбарчыя ўчасткі і стала зразумела, што выбары сфальсіфікаваныя, я выйшла на мітынг. З таго часу я не прапусціла ніводнага маршу (жаночыя, пенсіянерскія, нядзельныя, дваровыя). Я не магла заставацца ў баку ад таго, што адбываецца! З-за маёй актыўнасці за гэтыя чатыры гады я была затрымана пяць разоў!

Першы раз мяне затрымалі ў верасні за ўдзел у жаночым маршы на Плошчы Свабоды. Тады я абышлася штрафам, але была ўзрушана да глыбіні душы так званым «судом». Беззаконне і нахабства «судовага працэсу» выклікалі ў мяне злосць і лютасць, якія не перадаць словамі! Вырашыла, што не маю права баяцца, спыняцца. Шыла сцягі, друкавала бчб-налепкі, наносіла бчб-сімволіку ў грамадскіх месцах, на працягу доўгага часу аказвала фінансавую і матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій (ахвяравала праз BYSOL і ўдзельнічала ў зборах сярод сваіх сяброў і знаёмых).

Другі раз мяне затрымалі ў лістападзе 2020 года па надуманых абвінавачаннях. Я атрымала агулам 22 сутак зняволення ў Баранавіцкім ІЧУ.

У студзені 2021 года невялікая група нашага дваровага актыву ўвечары выйшла на марш на вул. Прытыцкага. Вынікам стала трэцяе затрыманне і 25 сутак у Жодзінскім ІЧУ.

Чацвёртае затрыманне адбылося 24 чэрвеня 2021 года, калі я прыйшла на суд па справе Віктара Дзмітрыевіча Бабарыкі. Па дурасці я не праверыла свае рэчы перад судом, і ў мяне ў торбе знайшлі бчб-налепкі. Асудзілі па арт. 19.1 (арт.19.1 КаАП – дробнае хуліганства) на 15 сутак, якія я адбывала ў ЦІП на Акрэсціна.

Пятае затрыманне адбылося 27 кастрычніка 2023 года. Да мяне прыйшлі з ператрусам у 4 гадзіны раніцы. Шукалі балончык з фарбай, бо ў пад'ездзе нашага дома з'явіліся абразлівыя надпісы на адрас Лукашэнкі. Фарбу не знайшлі. Затое знайшлі грошы і скралі іх. Ператрус праходзіў без панятых і без складання пратакола. Забралі сістэмны блок і тэлефон. Праверылі тэлефон і знайшлі там падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы і рэпосты. Прызначылі агулам 40 сутак.

Пасля гэтага адразу ж, не выпускаючы мяне на волю, затрымалі яшчэ на 3 сутак ужо ў межах крымінальнай справы па арт. 361-2 (арт. 361-2 КК РБ — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) за данат падчас марафону «Нам не ўсё» адно на дапамогу палітвязням. Пасля гэтага мяне перавялі пад хатні арышт на два месяцы, але пракурор загадаў следчаму ўзмацніць жорсткасць артыкула. У выніку мой хатні арышт (а разам з ім і следства) былі працягнутыя яшчэ на месяц і ў выніку мне зрабілі больш жорсткімі стары артыкул на п.2 (п.2 арт. 361-2 КК РБ – фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці групай асобаў), паколькі данат я пераслала праз сваю знаёмую ў Літве.

Гэта стала апошняй кропляй, і я вырашыла эвакуавацца. Крымінальны артыкул за данат групай асобаў абяцаў мне ад 5 да 8 гадоў калоніі. Мой пашпарт са Следчага камітэта мне не вярнулі, таму мне давялося нелегальна перайсці літоўскую мяжу. Без дакументаў і з мінімумам грошай я перайшла мяжу і напісала прашэнне аб палітычным прытулку. Кінула ўсё, што ў мяне было: кватэру, усе рэчы і сышла з адным заплечнікам.

Радасць, што ад турмы я выратавалася, змянілася страхам перад заўтрашнім днём. У чужой краіне без грошай і рэчаў я не ведаю, што са мной будзе заўтра. Я прашу дапамогі ў вас і спадзяюся, што нашая салідарнасць з 2020 года нікуды не падзелася! Мне б знайсці жыллё і аднавіць крыху здароўе, патрапанае рэжымам. Як толькі я атрымаю легальны статус, хачу зарэгістравацца на індывідуальную дзейнасць і пачаць усё нанова.

Сума збору

€3000

€600 – швейная машына (Аверлок Juki MO-654DEN)
€300 – харчаванне на тры месяцы
€300 – адзенне
€1800 – арэнда жылля на тры месяцы (прыкладна €500 за месяц + камуналка)

:
€ 3 242
Збор завершаны. Сабрана: € 3 242