Дапамога экс-палітвязню на аднаўленне пасля катаванняў у турме

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Калі РФ напала на Ўкраіну, я быў у калоніі паводле артыкулу за ўдзел у мірных пратэстах. Нам прыйшла разнарадка: звесці любую сімволіку ў зняволеных, якая нагадвае ўкраінскую, нацыянальную ці правую. А ў мяне акурат была татуіроўка, якая пасавала да гэтага апісання. Таму мяне выклікалі да начальніка і сказалі, што трэба яе зводзіць. Я адмовіўся. За гэта мяне адправілі ў штрафны ізалятар.

Праз 30 сутак у ШЫЗА пачынаеш успрымаць рэальнасць па-іншаму. Да мяне зноў прыйшлі наглядальнікі і паставілі перад выбарам: ці я згаджаюся звесці татуіроўку, ці пасля заканчэння тэрміну на волю я не выйду. Я абраў першае.

Мне выдалі слоічак з растворам кіслаты і сказалі, што ў мяне ёсць 15 хвілін, каб вырашыць праблему. Я сціснуў зубы. Узяў бутэлечку. І пачаў расціраць раствор па скуры.

Кіслата аказалася вельмі моцнай. Утварылася рана. Я зняў пласт скуры разам з мясам. Атрыманы апёк гнаіўся і не загойваўся яшчэ шмат месяцаў. Паколькі адміністрацыя калоніі хацела схаваць здарэнне, нармальнай медыцынскай дапамогі мне не аказвалі. Лячыўся я чым давядзецца. На месцы татуіроўкі ўтварыўся вялікі брыдкі шнар.

Вызваліўшыся, я з'ехаў з Беларусі і звярнуўся па дапамогу ў фонд ByHelp, каб яны дапамаглі мне паправіць здароўе: падлячылі зубы, зрабілі поўнае абследаванне і дапамаглі з лячэннем гэтага апёку. Мне закупілі найноўшыя ўколы гілаўрана. Дзякуючы ім у мяне нарасло новае мяса, але неабходнасць у касметычнай аперацыі засталася.

Каб прывесці месца апёку ў парадак, патрэбныя шліфоўкі скуры, выраўноўванне, татуаж. Цягліцы таксама маюць патрэбу ў далейшым аднаўленні. Паводле словаў лекараў, перыяд поўнага аднаўлення зойме каля паўгода. Прычым першыя 2 месяцы трэба будзе вельмі беражліва ставіцца да пашкоджанага ўчастку скуры, таму на працы (я працую ў пыльным месцы) я буду браць адпачынак за свой кошт.

Я звяртаюся да вас па дапамогу, каб вы дапамаглі мне загаіць атрыманы апёк. Каб аднавіцца, мне неабходна сабраць €2900. На гэтыя грошы я прайду некалькі курсаў хімічнага і механічнага пілінга, выведу рэшткі старой татуіроўкі і прывяду скуру ў нармальны стан. Таксама 2 месяцы я не змагу працаваць, таму прашу вас дапамагчы мне з жыллём і базавымі патрэбамі.

Сума збору

€2950

€1050 – паслугі касметолагаў (хімічны і механічны пілінг, лазерная шліфоўка, выдаленне старых фрагментаў татуіроўкі),
€1200 – жыллё і камунальныя паслугі на 2 месяцы, калі я не змагу працаваць,
€700 – гэтыя грошы я выдаткую на прадукты, праязны і самыя неабходныя рэчы.

Ёсць яшчэ адзін момант. Пасля ўсіх працэдур у мяне ўсё роўна застанецца прыкметны шнар. І я б хацеў схаваць яго пад новай татуіроўкай. Але проста набіць новае тату па-над шнарам не атрымаецца. Патрэбен майстар, які ўмее працаваць з пашкоджанай скурай. Я абышоў усю Варшаву, і знайшоў майстра, гатовага ўзяцца за мой выпадак. Але кошт такой татуіроўкі ў два з паловай разы вышэйшы, чым кошт звычайнай. €1500. Калі атрымаецца сабраць і гэтыя грошы, я змагу нарэшце пазбавіцца ад шнара, які ўсё жыццё нагадваў бы мне аб катаваннях. Я хачу, каб замест яго з'явілася нешта, што будзе нагадваць не пра боль, а пра волю.

Дзякуй кожнаму, хто дапаможа мне гэта зрабіць.

:
€ 3 023
Збор завершаны. Сабрана: € 3 023