Добры дзень!
Я былы палітвязень і вымушаны звярнуцца да вас па дапамогу. Нягледзячы на тое, што я пакінуў Беларусь, я не магу раскрыць сваё сапраўднае імя, каб абараніць сваіх блізкіх, якія застаюцца ў краіне. Ім рэгулярна тэлефануюць, пагражаюць і ціснуць пасля майго ад'езду. Я баюся, што мая публічная актыўнасць можа пагоршыць іх становішча.
Нажаль, я апынуўся ў складанай фінансавай сітуацыі і самастойна без вашай падтрымкі не дам рады. Ваш удзел можа дапамагчы мне ў цяжкі перыяд.
Да страшных падзей 9 жніўня 2020 года я быў «па-за палітыкай». Маё жыццё было ўладкавана: меў свой невялікі бізнэс па аўтарэмонце і планы на яго развіццё, былі сябры і сямейныя клопаты. Аднак усё змянілася, калі ў жніўні 2020 года ад дзеянняў рэжыму пацярпеў мой блізкі чалавек.
Я асабіста ўпэўніўся, што законы ў нашай краіне не працуюць. Стала ясна, што калі сёння гэта закранула майго блізкага, то заўтра адаб’ецца і на мне. З гэтай прычыны я далучыўся да пратэстнага руху, вырашыўшы дзейнічаць асабіста: я быў назіральнікам, выходзіў на маршы, стаяў у счэпках, валанцёрыў каля СІЗА і актыўна вёў сацсеткі. Мая актыўнасць прыцягнула ўвагу супрацоўнікаў КДБ. У 2021 годзе мяне затрымалі проста на працы сілавым метадам. Спачатку адправілі ў ІЧУ, затым хутка распачалі крымінальную справу за каментары і перавялі ў СІЗА.
Сваіх родных і дзяцей я ўбачыў толькі праз тры гады.
З гэтых трох гадоў я больш за год правёў у СІЗА ў цеснай душнай камеры, і гэта моцна падарвала маё здароўе. З-за недахопу паветра і працяглага знаходжання ў замкнёнай прасторы ў мяне развілося аўтаімуннае захворванне лёгкіх. З часам яно набыло хранічную форму, якая не паддаецца лячэнню.
У 2024 годзе я выйшаў на волю, адбыўшы ўвесь тэрмін, з пачуццём нянавісці і злосці да сістэмы і рэжыму. Я быў гатовы працягваць змагацца, але апынулася, што актыўнасці пратэстнага руху ў краіне няма. Гэта стала для мяне нечаканым ударам.
Хоць мая мара пра выйсце на свабоду спраўдзілася, я не адчуваў сябе ні свабодным, ні ў бяспецы. Мяне ўвесь час трымалі ў напружанні з-за «прафілактычнага ўліку» – маглі раптоўна праверыць, дзе я знаходжуся, у любы час дня і ночы, бо мяне лічылі «схільным да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці».
Нада мною вісеў вялізны нявыплачаны штраф, як дамоклаў меч. Яго выплата і неабходнасць забяспечваць сям'ю поўнасцю вычарпалі мае фінансавыя рэсурсы. Знайсці працу было практычна немагчыма. Куды б я ні звяртаўся, працадаўцы, убачыўшы артыкул, па якім я быў асуджаны, адмаўлялі мне са словамі: «Вы ж усё разумееце…».
У дадатак да ўсяго ў мяне пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем праз маё захворванне, якое абвастрылася і патрабавала лячэння. Усе фінансавыя запасы скончыліся, і я вырашыў з'ехаць з краіны, каб знайсці працу і забяспечыць жыццё сваёй сям'і, а таксама навучанне дзецям як мага далей ад прапаганды рэжыму.
Мне вельмі патрэбна ваша дапамога, каб пачаць усё нанова.
Я хачу сам стаць на ногі і вырваць з пашчы рэжыму сваю сям'ю.
Сума збору
€3000
€1500 – арэнда жылля і аплата камунальных паслуг (на 3 месяцы з перадаплатай, пакуль атрымліваю вадзіцельскую катэгорыю «Е»)
€1000 – дапамога маёй сям'і на час, пакуль пачну працаваць (школьныя прыналежнасці і убранне дзецям для школы, абутак, прадукты харчавання і бытавыя выдаткі)
€500 – выдаткі, звязаныя з атрыманнем катэгорыі «Е» і допуску на перавозку небяспечных грузаў ADR (тк у Беларусі не паспеў давучыцца праз ад'езд), а таксама вывучэннем польскай мовы