Былой палітзняволенай пасля прымусовага вывазу з Беларусі патрэбная дапамога на жыццёва неабходнае пратэзаванне зубоў, каб мець магчымасць харчавацца.
Мяне завуць Таццяна Шымко. У снежні 2025 года мяне разам з групай палітзняволеных прымусова вывезлі з Беларусі. Цяпер я знаходжуся ў Польшчы, атрымала міжнародную абарону і спрабую будаваць жыццё з нуля…
Мне трэба вырашыць праблему, якая кожны дзень ператварае маё жыццё ў пакуту: я не магу нармальна есці з-за адсутнасці асноўных жавальных зубоў зверху і знізу. Гэта не пытанне эстэтыкі і не жаданне «зрабіць прыгожую ўсмешку». Пярэднімі зубамі немагчыма перажоўваць ежу. Звычайны прыём ежы даўно стаў праблемай: яе даводзіцца размінаць, пераціраць, глытаць, амаль не жуючы, або ўвогуле прапускаць прыёмы ежы. Я не магу есці яблыкі, арэхі, гародніну, мяса і іншую цвёрдую ежу. Арганізму патрэбныя вітаміны, энергія, а я не магу іх атрымаць.
Гэтая бяда пачалася не цяпер. Частка зубоў была страчаная яшчэ да эміграцыі, але турма рэзка пагоршыла сітуацыю: адзін лекар на ўсю калонію, чэргі, часовыя пломбы. Цяпер праблема дайшла да кропкі, калі гэта ўплывае не толькі на якасць жыцця, але і на здароўе. З-за немагчымасці нармальна харчавацца ў мяне пачаліся праблемы са страўнікам. Лекары ўжо дыягнаставалі гастрыт, лячылі хелікабактэр. Я схуднела да 47 кілаграмаў.
Днямі хадзілі са знаёмай у кавярню, яна ела, а я сваю ежу склала з сабой. Піражок насіла ў сумцы да вечара. Вельмі смачны, ён мне з сумкі пах. А я не магла яго з’есці, пакуль не вярнулася ўвечары дадому і не перацерла. І ўвогуле, харчавацца па-за домам я практычна не магу. Таму на працягу дня мне нярэдка даводзіцца заставацца галоднай і чакаць вяртання дадому.
Разумею, што многія ўспрымаюць стаматалогію як нешта другараднае. Але ў маім выпадку гаворка не пра знешнасць. Гаворка пра базавую функцыю арганізма – магчымасць жаваць, есці, атрымліваць нармальнае харчаванне і не разбураць далей страўнік.
Сітуацыя ўскладняецца тым, што звычайныя здымныя пратэзы мне не падыходзяць. У мяне значныя дэфекты касцяной тканіны сківіцаў, зубных радоў і адсутнасць асноўных жавальных зубоў.
План лячэння складаны: падрыхтоўка сківіцы, касцяная пластыка, імплантацыя і наступнае пратэзаванне. Поўны кошт лячэння значна вышэйшы за тую суму, якую я прашу цяпер. Гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч злотых. Але цяпер я не прашу пакрыць усё лячэнне. Мне патрэбная дапамога на першы важны этап – пачаць аднаўленне жавальнай функцыі і выйсці са стану, калі я фізічна не магу нармальна харчавацца.
Я хачу працаваць і сацыялізавацца, шукаю працу, але пакуль не вырашу гэтую праблему, цяжка нават уявіць, як есці, як вытрымліваць нагрузку, як не думаць увесь час пра боль, голад і страўнік. Мне цяжка прасіць аб дапамозе, але без яе я не спраўлюся. Гэтая аперацыя і пратэзаванне патрэбныя не для прыгажосці, а каб вярнуць базавую функцыю: магчымасць нармальна харчавацца, падтрымліваць здароўе, працаваць і жыць без штодзённай пакуты.
Сума збору:
€4000
€3000 – першы этап хірургічна-пратэтычнага лячэння
€500 – дыягностыка, здымкі, кансультацыі і падрыхтоўка да працэдур
€500 – лекі, аднаўленне і спецыяльнае харчаванне на перыяд лячэння
