«Пакуль сын лячыўся, я назапасіла даўгоў і адна ня вывезла»

  • Гісторыя

Таццяна правяла 301 дзень у СІЗА за перадачы палітзняволеным, а потым уцякла з Беларусі, пераплыўшы Нёман. У гэтым годзе ў яе сына знайшлі пухліну, і пакуль яна аплочвала абследаванні, назапасіліся даўгі.

Мяне завуць Таццяна Астроўская. На пачатку 2026 года ў майго сына выявілі новаўтварэнне, і яго накіравалі да дзіцячага анкалага і сківічна-тваравага хірурга. Частку абследаванняў пакрывала страхоўка, але ў чарзе прыйшлося б чакаць месяцамі. Чакаць, калі гаворка ідзе пра пухліну ў дзіцяці, я не магла, таму частку абследаванняў і візітаў да ўрачоў аплаціла сама. Напрыканцы лета сыну зрабілі аперацыю. Пухліна апынулася добраякаснай, цяпер з ім усё добра, наперадзе яшчэ некалькі кантрольных прыёмаў.

Але за гэты час у мяне назапасіліся даўгі, у тым ліку за арэндную кватэру. Я адна з сынам, працую і стараюся. Але адна я ня вывезла.

Мы жывём у Польшчы. Я працую па дамове даручэння (umowa zlecenie): заробак малы, бальнічных і адгулаў няма. Кожны візіт да доктара з сынам значыць дзень без заробку. Дапамогу 800+ мы не атрымліваем.

Я родам з Харкава, жыла ў Мінску. Пасля 2020 года вазіла перадачы палітзняволеным на Валадарку і адпраўляла пасылкі тым, хто быў на «хіміі». 9 ліпеня 2021 года мяне затрымалі падчас вялікай аперацыі КДБ супраць валанцёраў і абвінавацілі ў «захопе ўлады» і «фінансаванні экстрэмізму». 301 дзень я правяла ў СІЗА-1, з іх 10 сутак у карцэры. Дома мяне чакаў маленькі сын, і за гэты час я напісала яму 295 лістоў.

У траўні 2022 года мяне выпусцілі пад залог да суда. Я вырашыла не чакаць судовага паседжання. У жніўні я прайшла праз лес і пераплыла Нёман, страціўшы ў рацэ тэлефон і красоўкі. Метраў праз сто ад берага выйшла да літоўскіх памежнікаў.

Цяпер я працягваю ездзіць ва Украіну як валанцёрка украінска-беларускага фонду «Сустрэча»: пераганяю машыны і важу гуманітарную дапамогу. Для мяне натуральна дапамагаць іншым, і прасіць аб дапамозе для сябе няпроста. Але цяпер дапамога патрэбная мне самой.

Калі ласка, дапамажыце мне закрыць даўгі і спакойна давесці лячэнне сына да канца.

Сума збору
€3700

€1500 – запазычанасць за арэнду кватэры
€1000 – даўгі за аплочаныя абследаванні і візіты да ўрачоў
€700 – вітаміны і выпраўленне харчавання для сына
€500 – калі шчыра, у халадзільніку мыш павесілася…

Сабрана:
€ 3 375 з 3 700