Таццяне 54 гады. Да затрымання ў яе было стабільнае жыццё: праца галоўным бухгалтарам, уласная кватэра і толькі што выплачаная іпатэка. Но ў сакавіку 2023 года суд прысудзіў яе да чатырох з паловай гадоў калоніі па дзевяці палітычных артыкулах.
За гады зняволення здароўе Таццяны моцна пагоршылася. Яна сутыкнулася з аўтаімунным захворваннем шчытападобнай залозы, праблемамі з суставамі, хранічнымі болямі і пастаянным недахопам сіл.
«Ужо два гады я не памятаю ніводнага дня без болю. Раней магла дзейнічаць жорстка: спорт, басейн, трэніроўкі – і праз месяц я зноў у форме. Зараз любая актыўнасць можа выклікаць адкат на некалькі дзён. Арганізм нібы шэпча: «Вось яна, старасць. Цяпер так будзе заўсёды». І даводзіцца вельмі далікатна пераконваць сябе, што гэта не так».
Да арышту Таццяна больш за дваццаць гадоў працавала галоўным бухгалтарам. Пасля вызвалення ёй хацелася цалкам змяніць жыццё і паспрабаваць штосьці новае, але зараз галоўная задача – вярнуць стабільнасць.
«Была кватэра, была праца, іпатэка выплачаная. Я ўпершыню змагла перавесці дух. А потым – бах. Зараз у мяне няма пастаяннага жылля, няма зразумелых перспектыў з працай і пенсіяй. Спачатку трэба закрыць базавыя патрэбы: жыллё, ежу, адчуванне ўстойлівасці. А ўжо потым думаць пра мары.
Я ўсё жыццё жыла са словам «трэба». Дзеці, вучоба, гурткі, кватэра, рамонты, праца, падпрацоўкі. Увесь час было: трэба, трэба, трэба. А зараз я спрабую ўспомніць, што падабаецца менавіта мне. І аказалася, што гэта не так проста».
Зняволенне змяніла Таццяну. Яна кажа, што навучылася прымаць дапамогу і зразумела, што чалавеку для жыцця насамрэч трэба значна менш, чым здаецца.
«Усё неабходнае лёгка змяшчаецца ў адну паштовую скрынку. Я даведалася, што магу выжываць нават ва ўмовах жорсткага рэжыму. Але цяпер хочацца простага, спакойнага і нават крыху нуднага жыцця».
Таццяна нанова вучыцца радавацца звычайным рэчам і будаваць будучыню ў краіне, дзе яна апынулася не па сваёй волі.
«Ва мне зараз няма маленькай дзяўчынкі, якую хочацца абняць і абараніць. Ва мне жыве стомленая жанчына, якая спрабуе ўспомніць, як гэта – радавацца, здзіўляцца і атрымліваць асалоду ад жыцця. Я да канца не разумею, як жыць далей. Але працягваю гэта рабіць. Вельмі спадзяюся, што ў выніку ўсё атрымаецца».
Ваша падтрымка дапаможа Таццяне аплаціць жыллё, прайсці лячэнне і рэабілітацыю, працягнуць вывучэнне мовы і зрабіць першыя крокі да самастойнага жыцця пасля вызвалення.
Сума збору
€3000
€1300 – медыцынская дапамога і аднаўленне пасля зняволення: абследаванне суставаў, кансультацыі спецыялістаў, фізіятэрапія, масаж і рэабілітацыя пры хранічных болях
€900 – арэнда жылля на 2 месяцы
€800 – інтэграцыя для вяртання да працы бухгалтарам
