«Рэжыму нібы не хапіла збіванняў і гвалту ў 2020-м, і ён пачаў помсціць усім, хто выйшаў на вуліцы ці выказаўся супраць вынікаў выбараў, – успамінае Таццяна. – У сакавіку 2022 года мяне затрымалі ў Баранавічах за каментары ў інтэрнэце. Потым былі ператрусы і зняволенне ў СІЗА».
10 чэрвеня 2022 года суд Баранавіцкага раёна прызнаў жанчыну вінаватай адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 (абраза суддзі). Таццяну скаралі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 6400 рублёў.
Увесь тэрмін – роўна два гады – Таццяна адбывала ў Гомельскай папраўчай калоніі №4, цалкам адчуўшы жорсткасць і знявагі пенітэнцыярнай сістэмы. У зняволенні моцна пацярпела яе здароўе: абвастрыліся хранічныя хваробы, разбурыліся зубы, рэзка пагоршыўся зрок, з'явіліся падазроны на анкалогію. У палітзняволенай развіўся цяжкі посттраўматычны разлад, які суправаджаўся асацыяльнасцю і немагчымасцю паўнавартасна ўзаемадзейнічаць з навакольнымі.
«Пасля вызвалення я зразумела, што спакойна жыць у Беларусі мне не дадуць. Не стала чакаць чарговага абсурднага абвінавачання і разам са сваім сабакам выехала ў Польшчу, – распавядае Таццяна. – Але, на жаль, на гэтым мае беды не скончыліся».
18 студзеня 2025 года, прыляцеўшы праз Ерэван, Таццяна апынулася ў Польшчы.
«Атрымаць візу прасцей за ўсё было літоўскую, – тлумачыць жанчына. – Я тады назіралася ў анколага і, калі б дыягназ пацвердзіўся, засталася б у Беларусі. Але эвакуіравацца ў выніку давялося ў Польшчу, дзе жывуць людзі, з якімі я прайшла праз турму, і тут я адчуваю падтрымку».
Польскія ўлады адмовілі ёй у міжнароднай абароне, бо яе гуманітарная віза была выдадзена Літвой. Цяпер яна апынулася ў складанай сітуацыі з даўгамі, без магчымасці паўнавартасна працаваць, мае патрэбу ў тэрміновай медыцынскай і юрыдычнай дапамозе, а таксама ў аплаце жылля.
«Мне тэрмінова патрэбныя абследаванні і лячэнне: гінеколаг праз падазрэнне на анкалогію, псіхалагічная дапамога, стаматолаг і акуліст, а таксама медыкаменты, — падкрэслівае Таццяна. – Ваша падтрымка – гэта мой шанец на паўнавартаснае жыццё і аднаўленне пасля здзекаў і стратаў».
Сума збору:
€3500
€1000 – арэнда жылля на два месяцы;
€900 – лекі і лячэнне наступстваў зняволення;
€600 – юрыдычныя паслугі для падачы апеляцыі;
€600 – доўг за дарогу і эвакуацыю ў Польшчу;
€400 – паўсядзённыя выдаткі.