Добры дзень! Мяне завуць Святлана Пракапчук.
У мяне ёсць сям'я – муж і двое дзяцей.
19 жніўня 2020 года а 7 раніцы да нас дадому прыйшлі сілавікі і арыштавалі майго мужа і старэйшага сына за ўдзел у шэсцях, якія праходзілі ў Берасці. Я засталася адна з дзесяцігадовай дачкой. На мае плечы лёг клопат аб усёй сям'і: я шукала адвакатаў для мужа і сына, выбівала спатканні, ездзіла на суды… а потым збірала перадачы ў калоніі і чакала сваіх блізкіх доўгія чатыры гады.
Каб усё гэта неяк цягнуць, я ўладкавалася на некалькі прац. Я бухгалтарка, і некалькі фірмаў пагадзіліся мяне прыняць. Але ўсё адно было вельмі складана, бо на мне ляжала вельмі шмат адказнасці.
У студзені 2024 года да нас дадому зноў прыйшлі. Зноў былі ператрусы, арышт маёмасці, штрафы і допыты. Справа ў тым, што час ад часу я атрымлівала прадуктовую дапамогу ад INeedHelp, і калі на ўсіх, хто быў звязаны з гэтай ініцыятывай, завялі крымінальную справу, нас гэта таксама закранула. Але я не магла нікуды з'ехаць, бо чакала з калоніі сваё дзіця і свайго мужа.
Праз 3 месяцы, у красавіку 2024 года маіх родных нарэшце выпусцілі. Я была такая ўсцешаная! Але мы хутка зразумелі, што жыць па-ранейшаму ў нас не атрымаецца. Па-першае, я была падазраванай па справе INeedHelp і мяне ўвесь час выклікалі на гутаркі і допыты. Але галоўнае, мае муж і сын патрапілі пад міліцэйскі нагляд, што зрабіла нашае жыццё ў Беларусі невыносным. І мы вырашылі з'яжджаць.
Міліцэйскі нагляд – гэта сістэма кантролю, усталяваная органамі ўнутраных спраў над асобамі, вызваленымі пасля палітычных арыштаў. Гэтая мера ўлучае рэгулярныя яўкі ў міліцыю, абмежаванні на перамяшчэнне і іншыя ўмовы, накіраваныя на прадухіленне ўдзелу людзей у палітычнай дзейнасці.
Заўвага BYSOL.
Цяпер мы знаходзімся ў Польшчы. Дзякуй вялікі камандзе эвакуацыі BYSOL, што дапамаглі нам выехаць. Але нам патрэбна падтрымка. Тут мы ўсёй сям'ёй будзем падавацца на міжнародную абарону, таму ні ў кога з нас няма магчымасці бліжэйшым часам знайсці нармальную працу, а ў нас сям'я з 4 чалавек.
Мы просім дапамогі, каб зняць жыллё на некалькі месяцаў і забяспечыць сябе самым неабходным, пакуль мы прытомнеем і вучымся жыць у бяспецы і ў новай краіне.
Сума збору
€6000
€2800 – жыллё на 3 месяцы для нашай сям'і + дэпазіт у памеры месячнай платы,
€1500 – пачатковыя курсы польскай мовы для ўсіх чатырох чалавек,
€1700 – грошы на падтрымку на бліжэйшыя 2-4 месяцы, пакуль мы будзем шукаць крыніцу даходу.