Цяжкая траўма нагі і шэраг няўдалых аперацый выбілі Святлану з нармальнага жыцця. Ёй патрэбная падтрымка на рэабілітацыю, каб зноў нармальна хадзіць.
Пасля падзення з ровара я зламала сцегнавую костку. Мне зрабілі аперацыю і паставілі тытанавую спіцу. Я спадзявалася, што ўсё пойдзе па звычайным плане: аднаўленне, мыліцы, а потым я зноў пачну хадзіць. Але пазней высветлілася, што падчас аперацыі была дапушчаная сур’ёзная памылка. Нагу замацавалі так, што ступня апынулася развернутая ўнутр на 52 градусы. Акрамя таго, зламаная нага стала прыкладна на пяць сантыметраў даўжэйшай за здаровую.
Доктар казаў, што ўсё выправіцца, калі я пачну хадзіць. Я верыла яму – у такой сітуацыі вельмі хочацца верыць. Пяць месяцаў я правяла на мыліцах і не магла нармальна працаваць ці жыць звычайным жыццём. Калі нарэшце пачала хадзіць самастойна, лягчэй не стала. Іншы ўрач патлумачыў, што ў мяне моцная ратацыйная дэфармацыя і нагу трэба ламаць нанова. Калі пакінуць усё як ёсць, суставы могуць сцерціся за пару гадоў.
Пачуць гэта было вельмі цяжка. Другой аперацыі па дзяржаўнай страхоўцы NFZ я чакала амаль год, але і пасля наступнай аперацыі праблема цалкам не знікла. Падаўжэнне нагі засталося – прыкладна на паўтара сантыметра. Ратацыю выправілі амаль «на вока», і яна ўсё роўна засталася на мяжы дапушчальнага. Я працягвала кульгаць. Балелі спіна, крыж, калена і шыя; было пастаяннае адчуванне, што цела перакошанае і кожны дзень даводзіцца цярпець.
Пасля другой аперацыі прайшоў яшчэ год. Я звярнулася да платнага ўрача, і ён зноў накіраваў мяне на аперацыю. У сакавіку 2026 года мне зрабілі трэцюю. Цяпер я ўжо хаджу, але пакуль з болем і перакосам таза з-за асіметрыі мышцаў. Наперадзе доўгі шлях рэабілітацыі: трэба займацца са спецыялістамі, умацоўваць мускулатуру, вучыцца правільна рухацца і паступова вяртаць целу звыклаю нагрузку. Пасля доўгага перапынку і некалькіх аперацый гэта не адбываецца само сабой. Нельга проста сказаць сабе: «Узніміся і ідзі».
За гэтыя гады я выдаткавала ўсе назапашванні. Справа, якой я займалася, фактычна развалілася: у мяне проста не было сіл працягваць. Жыццё звузілася да бальніц, аплаты лячэння і спроб пратрымацца. Псіхіка таксама не вытрымала – цяпер я прымаю антыдэпрэсанты, бо з’явілася пачуццё бездапаможнасці, з якім вельмі цяжка справіцца.
Каб зразумець, як я апынулася ў Польшчы і чаму мая гісторыя пачалася задоўга да траўмы, трэба вярнуцца ў 2020 год. Пасля ўдзелу ў пратэстах я з’ехала з Беларусі ў 2021 годзе. Спачатку жыла ва Украіне і ўдзельнічала ў валанцёрскіх ініцыятывах, а за дзесяць дзён да нападу Расіі з’ехала ў Польшчу.
Калі пачалася вайна, я валанцёрыла на польскім боку: ездзіла да мяжы і дапамагала людзям, якія ратаваліся ад вайны. Аднойчы мяне нават выселілі з кватэры за тое, што я прывяла туды бежанцаў: сям’ю з дзецьмі і двух катоў. Тады мне здавалася, што гэта найцяжэйшы перыяд. Але пасля падзення з веласіпеда маё жыццё надоўга сканцэнтравалася на болі, лячэнні і спробах дачакацца паляпшэння.
Цяпер мяне падтрымлівае партнёр, але я хачу аднавіцца і зноў жыць самастойна: нармальна хадзіць, працаваць і не прачынацца кожны дзень з думкай, што я не спраўляюся.
Я прашу дапамагчы мне прайсці рэабілітацыю пасля траўмы і аперацый. Мне патрэбныя заняткі са спецыялістамі, працэдуры, умацаванне мускулатуры, лекі, паездкі да дактароў і базавая падтрымка на час, пакуль я нанова вучуся нармальна хадзіць.
Сума збору
€2000
€1200 – рэабілітацыя, заняткі са спецыялістамі і аднаўленчыя працэдуры
€800 – лекі, абследаванні і кансультацыі дактароў
