Падтрымка Вольгі Сцепаненкі, якая пацярпела падчас уварвання АМАПу ў начны клуб

  • Гісторыя

У ноч з 5 на 6 лістапада на вечарынку ў клубе Hide у Менску, калі я святкавала свой дзень нараджэння, уварваўся АМАП і зладзіў там аблаву (шукалі наркотыкі + правяралі ва ўсіх тэлефоны). Падчас гэтага ўварвання  мне адарвала траціну пальца і я патрапіла ў лякарню, дзе мне ампутавалі ногцевую фалангу.

Я дакладна не памятаю, як гэта адбылося, але пасля таго, як жорстка ўбег АМАП, размахваючы рукамі і крычучы ўсім легчы на падлогу, я ўбачыла сваю траўму. Разарваная частка ў вобласці пазногця (часткі фалангі з пазногцем не было), з раны выцекла шмат крыві. Вакол шмат людзей і цёмна. Я была ў шоку. Хутчэй за ўсё, мне проста наступілі ботам, калі я клалася тварам да падлогі, абапіраючыся на яе рукамі.

Уначы ў машыне хуткай дапамогі АМАП узяў мае дадзеныя. Раніцай пасля шпіталя я прыехала дадому, пасля чаго да мяне прыйшлі два міліцыянеры. Яны сказалі мне ехаць з імі ў РУУС. У час паездкі ўзялі праверыць мой тэлефон. У РУУС апісалі і забралі мае рэчы. Нічога супрацьзаконнага ў тэлефоне знойдзена не было, але мяне пасадзілі за краты ў РУУС да высвятлення акалічнасцяў.

Да гэтага ў шпіталі ўсё гэта хутчэй за ўсё аформілі, як крымінал з боку АМАПу. Калі я была ў РУУС і мяне ўжо пасадзілі за краты, прыехаў следчы і сказаў, што прыйшло паведамленне са шпіталя і трэба разбірацца. У той момант я ўжо ўсё зразумела і сказала, што да АМАПу прэтэнзіяў не маю. Але і нават пасля гэтага на мяне склалі пратакол па артыкуле 19.1 за «дробнае хуліганства» і адправілі на Акрэсціна.

У Акрэсціна быў суд па скайпе і мне далі 15 сутак. Калі я сядзела, да мяне прыходзіла міліцыянтка з яшчэ адным пратаколам аб нібы ілжывым выкліку: маўляў, мае словы з лякарні і словы следчага разыходзяцца. Я яшчэ раз сказала, што ў мяне няма прэтэнзій, бо я была запалоханая. Яна са свайго боку проста зрабіла мне папярэджанне і закрыла гэтую справу аб ілжывым выкліку.

Падчас арышту мне адмаўлялі ў перавязцы пальца амаль кожны раз, калі я прасіла (зрабілі толькі аднойчы. Трэба было праверыць прышчэпку ад слупняка, каб не заразіцца, але гэтага не зрабілі. Як потым высветлілася, у мяне якраз скончыўся тэрмін дзеяння гэтай прышчэпкі і яе трэба было зрабіць тэрмінова для прафілактыкі.

Наша камера была перапоўненая (14 чалавек у 4-х мясцовай), мы спалі на падлозе без матрацаў і коўдраў, святло не выключалі, нас будзілі пару разоў за ноч, нам рэдка давалі мыла і туалетную паперу. Казалі: «Вы тут, каб пакутаваць». Сваякам не сказалі, дзе я і што з мной. Нейкі міліцыянт нават сказаў, што такія, як я, ў «дрэнным спісе» і над мной будзе кантроль. Падчас затрымання да мяне яшчэ нехта падыходзіў і пытаўся пра тое, што адбылося, пытаўся пра мітынгі і ці прымала я ў іх удзел. У мяне ёсць адзін пратакол за 2020 год (мне тады далі штраф, я яго аплаціла).


Калі я выйшла з турмы, з мной звязаўся следчы па гэтай справе. Завялі крымінальную справу, дзе я лічылася пацярпелай. Але я напісала адмоўную, ўлічваючы, што мяне запалохвалі ўвесь гэты час. Напрыканцы ён параіў мне з'яжджаць з краіны, сказаў, што з гэтай справай могуць узнікнуць праблемы, плюс да ўсяго ў краіне актыўна ідзе працэс апрацоўкі камер па распазнанні асоб, і калі мой твар знойдуць на мітынгах, то будзе крымінальніка і «хімія». А такіх мітынгаў было шмат. Я адчувала, што мне ў Беларусі небясьпечна. Могуць у любы момант прыйсці, як гэта і было з дзяўчатамі, з якімі я сядзела (саджаюць за каментары і рэпосты). Плюс, было ўсё роўна страшна з гэтай справай.

У снежні мне дапамог «Беларускі Дом» у Варшаве, каб адкрыць візу. Ад 3 студзеня Польскае Консульства дало мне гуманітарную візу. Цяпер я ўжо ў Польшчы, але на дадзены момант у мяне вельмі мала грошай з сабой. Я аказалася непадрыхтаванай да такіх падзей, у мяне недастаткова ашчаджэнняў на першы час, я пакуль не ведаю польскай мовы.

Уся гэтая сітуацыя выцягнула вельмі шмат сіл і цяпер прашу аб дапамозе на першы час (на арэнду жылля і харчаванне), пакуль я вырашу пытанне з працай, вывучву мовы і паступова не ачуняю.

Якая сума неабходна?

2000 € — 3 месяцы арэнды пакоя (разам з закладам); харчаванне.

:
€ 2 007
Збор завершаны. Сабрана: € 2 007