Добры дзень! Мяне завуць Станіслаў. З 2020 года я не мог заставацца ў баку ад таго, што адбываецца ў Беларусі і супраціўляўся рэжыму як мог. Я быў вельмі асцярожны і выконваў правілы лічбавай бяспекі. Аднак аднойчы, пакідаючы каментар, я не ўвамкнуў VPN, і ў той жа дзень мяне затрымалі.
17 верасня 2021 года за мной прыйшлі проста на працу, але толькі дапыталі. Аднак па дарозе дадому мяне зноў затрымалі і да суда змясцілі ў ІЧУ. Суд мне прызначыў 10 сутак па артыкуле 19.11 (арт. 19.11 КаАП РБ – Распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці) за распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыі і заклікі да забастоўкі. Адбыўшы гэты тэрмін я нейкі час спакойна хадзіў на працу. Але аднойчы да мяне падышоў дырэктар і папрасіў звольніцца па дамове бакоў, бо КДБ тэлефануе і патрабуе звольніць мяне па артыкуле.
19 кастрычніка 2021 года мяне выклікалі ў міліцэйскі пастарунак, дапыталі і распачалі крымінальную справу па 368 артыкуле (арт. 368 КК РБ — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). 21 кастрычніка 2021 года я выехаў у Расею і там хаваўся амаль паўтара гады. Ехаў наўздагад, першы час жыў, дзе давядзецца, падпрацоўваў, дзе мог. Праз некаторы час я даведаўся, што знаходжуся ў федэральным вышуку ў РФ, а 14 лістапада 2022 года мяне затрымалі ў Маскве ў гатэлі. Праўда, бо ў іх у заканадаўстве няма такога артыкула, па якім мяне пераследавалі, паліцыянты мяне адпусцілі.
Я напісаў на гарачую лінію BYSOL, дзе мяне пракансультавалі, як аформіць гуманітарную візу ў Польшчу. Але я вымушаны быў вярнуцца ў Беларусь, бо з Расеі ў Польшчу я трапіць не мог. Я планаваў пабачыцца з сям'ёй і выбрацца ў Польшчу іншым шляхам, але не паспеў.
3 студзеня 2023 года мяне ўсё ж затрымалі, а ў сакавіку прысудзілі 1 год пазбаўлення волі. Выйшаў з калоніі я 10 лістапада 2023 года, але і на гэтым мой пераслед не скончыўся. Пастаянна ноччу прыходзілі з праверкамі (і па словах блізкіх да гэтага часу прыходзяць), тэлефон забіралі некалькі разоў: відавочна шукалі нагоду, каб зноў мяне пасадзіць.
Я не стаў чакаць новага арышту і з'ехаў у Грузію. У гэты час у РБ на мяне завялі новую крымінальную справу за тое, што я як палітвязень атрымліваў грашовую падтрымку і харчовую дапамогу. Таму я з Грузіі паляцеў у Польшчу і папрасіў міжнародную абарону.
Я вельмі разлічваў, апынуўшыся ў Польшчы, адразу знайсці працу і жытло і хутчэй стаць на ногі. Але ў рэальнасці без дакументаў на працу мяне браць ніхто не жадае (пакуль я чакаю міжнароднай абароны).
Я вельмі буду ўдзячны вам, дарагія суайчыннікі, за любую дапамогу! Мне трэба няшмат — толькі грошы на жыллё і на харчаванне на першы час, пакуль не атрымаю дакументы. Вельмі разлічваю на гэты збор і падтрымку неабыякавых людзей!
Сума збору:
€1500
€1100 – на арэнду жытла на тры месяца
€400 – на ежу і побытавыя рэчы