Яўген Скочка – чалавек, якога памятаюць яшчэ з канца 90-х. Адзін з лідараў «Маладога Фронту», яркі, харызматычны, смелы. Ён арганізоўваў вулічныя акцыі, быў затрыманы і праходзіў праз крымінальны пераслед яшчэ ў тыя часы, калі беларускае грамадства толькі вучылася супраціўляцца дыктатуры.
Але ўжо шмат гадоў Яўген не займаўся палітыкай. Ён жыў у Гомелі, працаваў юрыстам, выхоўваў дзяцей і дапамагаў людзям.
Напрыканцы 2025 года Яўгена затрымалі. Яго асудзілі на 3 гады калоніі паводле чатырох артыкулаў: «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «паклёп на Лукашэнку», «абраза Лукашэнкі» і «дыскрэдытацыя Беларусі». Падставай для пераследу сталі каментары ў інтэрнэце.
Сёння Яўген знаходзіцца ў СІЗА №3 у Гомелі. У красавіку 2026 года Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле, і хутка яго перавядуць у калонію.
Нас асабліва непакоіць яго здароўе.
Пасля цяжкага кавіда ў 2020 годзе Яўген атрымаў сур’ёзныя праблемы з хрыбетам. У яго нестабільнасць шыйных пазванкоў, і яму неабходна насіць спецыяльны каўнер і рэгулярна праходзіць лячэнне. Ён пакутуе ад гіпертаніі: ціск можа падымацца да 200, таму Яўген пастаянна прымае лекі. З-за праблем з пазваночнікам у яго часта кружыцца галава, ён можа страціць раўнавагу і ўпасці. Таксама за апошнія месяцы моцна пагоршыўся зрок – у камеры дрэннае асвятленне, але Яўген працягвае шмат чытаць.
У СІЗА яму яшчэ перадаюць неабходныя лекі. Але што будзе ў калоніі – невядома.
Пры гэтым сам Яўген стараецца не скардзіцца. Кажа, што вытрывае і што не трэба за яго надта перажываць.
У Яўгена чацьвёра дзяцей. Сям’я засталася без мужа, бацькі і падтрымкі. Наперадзе – этап у калонію, перадачы, лекі, базавыя патрэбы і проста неабходнасць утрымацца ў гэтай сітуацыі.
Мы просім дапамагчы Яўгену Скочку і яго сям’і прайсці гэты цяжкі час.
З вялікай павагай,
сябры Яўгена.
Сума збору
€4500
€2500 – дапамога сям’і і дзецям на некалькі месяцаў
€500 – лекі і падтрымка здароўя, сродкі для праблем з хрыбтом
€1500 – перадачы ў калонію: ежа, сродкі гігены, цеплыя рэчы, бытавыя патрэбы
