Чырвоныя плямы па ўсім целе, ацёк твару і ўкол адрэналіну ў бальніцы. «Мы з мамай спалохаліся страшэнна: такога з ім ніколі не было», – расказвае сястра. Брат хварэе з дзяцінства пасля аперацыі на мозгу, а цяпер наперадзе месяцы платнага лячэння.
Добры дзень. Я пішу пра свайго старэйшага брата. Гэтай восенню ягонае цела цалкам пакрылася чырвонымі плямамі, ацяклі твар і вушы, у бальніцы яму калолі адрэналін. З бальніцы яго выпісалі, але лячэнне расцягнецца на месяцы, і плаціць за яго нам няма чым.
Здароўе ў брата слабае з дзяцінства. Яму выдалілі пухліну мозгу. Пасля аперацыі адно вока перастала бачыць зусім, другое бачыць на 0,8. Да 11 гадоў ён быў у інвалідным вазку, на ногі яго паставілі бацькі. З таго часу ў яго праблемы са скурай: халадовая алергія, ад стрэсу па целе ідуць чырвоныя плямы. Але ўсё было ў лёгкай фазе.
З Беларусі мы з братам з’ехалі пасля 15 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», потым нас абвясцілі ў вышук. У Польшчы брат уладкаваўся на працу. Раней з усімі ягонымі хваробамі спраўляўся тата: ён заўсёды займаўся ўрачамі і вазіў брата. Але цяпер тата ў калоніі, і ўсё гэта на мне. Я часам увогуле не разумею, што з ім рабіць.
А ў верасні па ўсім целе пайшлі плямы, зацяклі вушы і твар. Я прывезла яго ў бальніцу. Мы з мамай спалохаліся страшэнна: такога з ім ніколі не было. Патрэбнае лячэнне падабралі не адразу. Прызначылі тое, што не дапамагала, і праз месяц брата паклалі ў бальніцу на тыдзень: кропельніцы з гармонамі, лячэнне апаясваючага лішаю, які вылез на твары. Там жа знайшлі праблемы з печанню.
Выпісалі брата з цэлым стосам накіраванняў: гепатолаг, анколаг, стаматолаг, УЗД, аналізы. Без гэтых заключэнняў урачы не прызначаць моцны прэпарат, які, магчыма, спатрэбіцца. Бясплатна ў Польшчы чакаць па паўгода, таму ідзём платна, адзін візіт каштуе ад 200 злотых. Лекі купляем самі па рэцэпце. Скуру трэба мазаць 4–5 разоў на дзень, гэта паўкіло крэму на тыдзень.
З такой скурай брат амаль месяц не выходзіў з дому. Па яго працоўнай дамове бальнічны не аплочваецца, так што ўвесь гэты час ён не атрымліваў заробак. Без ягоных грошай мы не цягнем ні кватэру, ні лячэнне. Мы пісалі ў арганізацыю, якая дапамагае з лячэннем, але нам адказалі, што грошай там няма і калі будуць – невядома.
Калі ласка, дапамажыце аплаціць дактароў, абследаванні і лекі на бліжэйшыя тры месяцы і арэнду за той месяц, калі брат застаўся без заробку. Калі не атрымліваецца дапамагчы грашыма, падзяліцеся зборам, гэта таксама вельмі дапамагае.
Сума збору
€1850
€600 – арэнда кватэры за 1 месяц
€420 – прыватныя кансультацыі стаматолага, гепатолага, анколага і алерголага і два паўторныя візіты за 3 месяцы
€130 – аналізы і УЗД печані
€300 – увільгатняючыя крэмы і сродкі для мыцця на 3 месяцы
€400 – лекі па рэцэпце на 3 месяцы: мазі, калій і, калі прызначаць, цыкласпарын
