Дапамога Паліне Шарэндзе-Панасюк: рэабілітацыя пасля 4 гадоў зняволення

  • Гісторыя

Прывітанне!
На сувязі каманда збораў BYSOL. І гэтым разам мы з добрымі навінамі!

Учора ноччу наша каманда эвакуацыі вывезла з Беларусі Паліну Шарэнду-Панасюк. Цяпер жанчына ў бяспецы разам з мужам і дзецьмі. Адпачывае. Аднак, пасля больш чым 4 гадоў пазбаўлення волі Паліне патрэбна падтрымка для аднаўлення – як фізічнага, так і эмацыйнага. Таму па просьбе сям'і мы адкрываем гэты збор.

Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк – грамадская актывістка з Брэста. 3 студзеня 2021 года сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры і затрымалі жанчыну. Ёй прад'явілі абвінавачванне па артыкуле 364 КК РБ (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) за тое, што яна падрапала аднаго з міліцыянтаў, якія ўварваўся ў яе дом. Пазней стала вядома, што жанчыну таксама абвінавачваюць па артыкуле аб абразе прэзідэнта (арт. 368 КК РБ) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ). Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцэр, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск.

9 чэрвеня 2021 года Паліну асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У красавіку 2022 года па артыкуле «злоснае непадпарадкаванне» ёй дадалі яшчэ год і пяць месяцаў. Затым былі новыя абвінавачванні, якія падоўжылі тэрмін.

Так, напрыклад, на яе складалі рапарты і выпісвалі спагнанні за тое, што яна «спала, седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу для сядзення»; «была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы, а таксама ўступіла ў камунікацыю з іншымі асобамі»; «выконвала фізічныя практыкаванні лежачы на падлозе ў забаронены час, зняўшы вопратку»; «расшпіліла пінжак».

За чатыры гады зняволення Паліну трымалі ў ізаляцыі амаль 180 дзён, збівалі, адпраўлялі на псіхіятрычную экспертызу. Ёй не аказвалі медыцынскую дапамогу, нягледзячы на цяжкі стан.

Паліна выйшла на волю 1 лютага 2025 года, правёўшы больш за чатыры гады ў зняволенні.

Зараз Паліна прывыкае да свабоды, але наперадзе яшчэ доўгі шлях аднаўлення – і ёй патрэбна наша дапамога. Пасля чатырох гадоў за кратамі важна проста прыйсці ў сябе, аднавіць здароўе і пачаць жыць нанова.

Мы адкрываем гэты збор, каб падтрымаць Паліну і яе сям'ю. Ваша дапамога – гэта крок да таго, каб яна змагла спакойна адпачыць, паправіць здароўе і вярнуцца да нармальнага жыцця.

Сума збору

€5000

Нам складана распісаць суму пад гэтым зборам так, як звычайна мы гэта робім пад іншымі нашымі тэкстамі. Справа ў тым, што Паліна толькі што ўпершыню за 4 гады пабачылася з роднымі, і мы не можам скурпулёзна пытацца аб усіх яе патрэбах. Таму мы паставілі стандартную суму, якую выстаўляем у падобных выпадках пад іншымі нашымі зборамі.

З любоўю,
Каманда збораў BYSOL.

Сабрана:
€ 3 835 з 5 000