Дапамога шматдзетнай сям'і актывіста і хрысціянскага прапаведніка Сергія Мельянца ўладкавацца ў Польшчы

  • Гісторыя

Мяне клічуць Сяргей Мельянец. Хрысціянін, паэт, бард, прапаведнік, старэйшына ў царкве. Жанаты. Сем дзяцей.

Упершыню мяне схапілі ўвечары 10 жніўня 2020 года ў цэнтры Менска, куды я прыехаў з двума роднымі братамі для малітвы за Беларусь. Мяне білі дручкамі і кулакамі, катавалі электрашокерам, лаяліся і пагражалі смерцю. У гаражы на тэрыторыі Ленінскага аддзела міліцыі мне зрабілася блага з сэрцам і таму хуткай дапамозе дазволілі мяне павезці ў лякарню. Там мяне прывялі ў прытомнасць і адправілі ноччу дадому.

А 15 снежня 2020 года да нас дадому прыйшоў участковы міліцыянт і склаў пратакол за бел-чырвона-белыя жалюзі. З-за гэтага пратакола ў нас было 2 пасяджэнні суда і штраф у 30 базавых. Потым апеляцыя, другая апеляцыя ў Вярхоўны суд, перадача справы ў аддзел прымусовага выканання, блакіроўка карткі і рахунка, спісанне грошай, падача дакументаў у Камітэт па правах чалавека ў Еўропе – вось-вось будзе гатова рашэнне.

Паралельна ўлады ціснулі на нас праз дзяцей. Была напісана папера ў каледж і школы з просьбай правесці з маёй сям'ёй «прафілактычныя мерапрыемствы», з-за чаго дзеці вымушаны былі хадзіць на гутаркі з ідэолагамі і псіхолагамі, а мы з жонкай — збіраць характарыстыкі і паперы, каб пацвердзіць дабрабыт нашай сям'і.

Акрамя гэтага, былі і іншыя эпізоды пераследу мяне і маёй сям'і (напрыклад, у сакавіку 2023 года — мяне дапыталі на дэтэктары хлусні ў КДБ).

А 19 сакавіка 2024 года я паехаў на суд да журналіста-каталіка Ігара Карнея, каб падтрымаць і памаліцца за яго, а таксама даведацца пра навіны — што яму інкрымінуюць і які тэрмін патрабуе пракурор.

Прабыўшы на паседжанні суда паўгадзіны, я выйшаў з залы і быў схоплены ў 10:30 супрацоўнікамі ГУБАЗіК і закаваны ў кайданкі. Мяне адвезлі ў аддзяленне міліцыі Фрунзенскага раёна горада Менска, дзе склалі пратакол (арт 24.23 КаАП РБ – парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). У працэсе складання пратакола мне пагражалі катаваннямі. Адабралі тэлефон (не вярнулі) і пашпарт. З гаманца зніклі 300 рублёў. Потым змясцілі ў набіты бітма «малпоўнік» (камера без вокнаў 2 на 2 метры) да вечара.

Увечары завезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, дзе я прабыў ноч, а раніцай суддзя праз скайп прысудзіла мяне да трынаццаці сутак. Адбываў іх у ЦІПе на Акрэсціна.

Там створаны цяжкія ўмовы для «кантрольных» (так яны нас называюць): у невялікай чатырохмясцовай камеры нумар дваццаць было ўвесь час ад 16 да 19 чалавек (абавязкова адзін-два бязхатнікі). Блашчыцы, адсутнасць нармальнага сну і г.д. Кожны дзень знаходжання там каштуе 20 рублёў. Па-выніку, мне давялося заплаціць каля 500 рублёў.

Двойчы вадзілі на допыт да супрацоўніка КДБ, які пагражаў вялізным тэрмінам або растрэлам. Жонку абяцаў пасадзіць у турму, а дзяцей аддаць у інтэрнат (калі два бацькі больш за 10 дзён не знаходзяцца пры дзецях – іх адбіраюць з сям'і).

Нягледзячы на гэта я рабіў усё магчымае, каб самому не падаць духам і падбадзёрваць тых, хто быў побач: кожны дзень было ўключэнне «рэлігійнага канала» ў камеры – я расказваў людзям гісторыі з Бібліі. Калідорныя нагляднікі, якія правяралі нас кожныя пятнаццаць хвілін, затрымліваліся каля дзвярэй камеры і прыслухоўваліся да апавяданняў. Людзі часта прасілі, каб памаліўся за іх асабіста.

1 красавіка раніцай мой першы тэрмін скончыўся. На выхадзе з ЦІП мяне закавалі ў кайданкі, паклалі ў машыну на жывот — тварам у падлогу. Дзве гадзіны вазілі па Менску. Пагражалі. Потым завезлі ў тое ж аддзяленне міліцыі і склалі новы пратакол за лаянку і неадэкватныя паводзіны (арт 19.1 КаАП РБ – дробнае хуліганства). За нежаданне яго падпісваць губазікавец ударыў мяне нагой, зайшоўшы са спіны.

Потым два дні на ІЧУ, дзень у «малпоўніку», зноў ІЧУ і толькі ў чацвер 4 красавіка суддзя анлайн вынесла мне прысуд 12 сутак. Я не пагадзіўся з пратаколам. Адразу пасля «суду» ў «малпоўнік» прыйшоў той жа супрацоўнік ГУБАЗіК, што і затрымліваў мяне, закаваў у кайданкі, завёў у пусты кабінет і збіў.

Увечары даставілі ў ЦІП Акрэсціна і пасля чакання на вуліцы на холадзе на працягу некалькіх гадзін і зневажальнай працэдуры надгляду (ахоўнік прымусіў мяне трыццаць разоў голым прысядаць), зноў змясцілі ў камеру нумар дваццаць. Там я і сядзеў да 13 красавіка.

За гэты час мой дом падвергся ператрусу. Маю жонку двойчы дапытвалі супрацоўнікі КДБ. Яе тэлефон забралі (так і не аддалі). Хацелі завесці крымінальную справу за фатаграфіі з пратэстаў 2020 года. Дзякуй Богу, што пагрозы засталіся толькі пагрозамі — жонку не кінулі за краты. Не паспелі.

Цудам, у суботу 13 красавіка, пасля канчатка другога тэрміна, мяне выпусцілі. У торбе апынуўся пашпарт, які быў адабраны ў самым пачатку. Я быў змушаны з жонкай і 7 дзецьмі тэрмінова эвакуавацца з краіны.

Цяпер мы шукаем новае месца для жыцця і будзем удзячныя за дапамогу.

Сума збору:

€15000

Наша сям'я – 9 чалавек. Таму і сума атрымоўваецца такая. Паколькі мы не збіраліся з'язджаць з Беларусі, планы даводзіцца будаваць «на хадзе». Думаем ехаць у Польшчу і наладжваць сваё жыццё тамака.

Нам неабходны:

€3000 – квіткі на самалёт да Варшавы
€3500 – прадукты для сям'і на паўгода
€6000 – арэнда жылля для нашай вялікай сям'і на 6 месяцаў (€ 1000 у месяц)
€2500 – адзенне для 7 дзяцей, посуд, транспартныя выдаткі, паслугі мабільнай сувязі, іншае.

Сабрана:
€ 5 873 з 15 000