Мяне завуць Сяргей Вайцюк, я родам з Камянецкага раёна, усё свядомае жыццё пражыў у Берасці. Працаваў сістэмным адміністратарам у розных кампаніях.
Па-сапраўднаму свядома адсочваць, што адбываецца ў Беларусі, я пачаў з 2009 года. Добра памятаю, Плошчу 19 снежня 2010-га. Мяне гэта вельмі ўразіла, доўга не мог прыйсці ў прытомнасць.
З 2019 года я ўважліва сачыў за тым, чым займаўся Ціханоўскі. Згаджаўся з ім ва ўсім, але не верыў, што нешта зможа разгайдаць беларусаў. Памыліўся. У 2020 годзе адчувалася такое неверагоднае яднанне, што ўпусціць гэты шанец было нельга. Кожны мусіў зрабіць свой унёсак, і я ў тым ліку. Выходзіў на акцыі, а калі не мог сам, стараўся паведамляць іншым, куды бяспечней ісці. Па шчаслівай выпадковасці мяне не затрымалі.
Але потым пачаўся 2021 год. Было цяжка маральна, з галавы не выходзілі выявы тысяч людзей на вуліцах. Было шмат затрыманняў, поўнае бязмежжа – усё гэта прыгнятала. Да канца 2021-га падалося, што жыццё зноў становіцца на звыклыя рэйкі, але потым пачалася вайна ўва Ўкраіне.
Для мяне гэта сталася сапраўдным шокам. У той дзень я прыехаў на працу — тэлефон ужо літаральна разрываўся ад навінаў. Я не мог паверыць, што праз нашу мяжу ідзе расейская тэхніка. Наступны дзень быў яшчэ горшы. На працы гучалі размовы ў стылі «А можа, яно і слушна», гэта маральна прыгнятала. Многія са знаёмых, якія падтрымлівалі пратэсты ў 2020 годзе, апраўдвалі ўварванне Расеі ўва Ўкраіну. З тых часоў з імі не маю зносінаў. Маральна тады стала яшчэ цяжэй, чым у канцы 2020 года. Думкі былі толькі аб тым, што з гэтым трэба нешта рабіць.
У канцы лютага 2022 года я даведаўся пра існаванне на той момант яшчэ батальёна Кастуся Каліноўскага, які ваюе за Ўкраіну. Вывучыў інфармацыю пра іх, зразумеў, што мне адгукаецца лозунг «Да вызвалення Беларусi праз вызваленне Ўкраіны». Бо лічыў і лічу, што галоўнае зло – гэта не толькі Лукашэнка, але і Пуцін. Дэвіз палка гэта падкрэслівае.
У пачатку красавіка вырашыў далучыцца да нашых хлопцаў. Ведаў, што для гэтага трэба спачатку патрапіць у Польшчу, але зрабіў дурную памылку і пайшоў наўпрост ва Ўкраіну. Жадаў хутчэй патрапіць да палка, да таго ж на той момант не разабраўся, як лепш зрабіць візу. У выніку ў той самы дзень мяне затрымалі. Выйшла нават недарэчна: думаў, што знаходжуся ўжо на тэрыторыі Ўкраіны, зайшоў на хутар, дзе жыў дзядуля, які размаўляў на чыстай украінскай мове. Ён мяне запрасіў на веранду, напаіў гарбатай. Я расказаў, куды іду. Пасля чаго ён ненадоўга адышоў у дом – і прыехалі людзі ў форме.
Падчас затрымання мяне не білі, але спрабавалі ціснуць маральна. Казалі аб тым, што зараз завядуць справу за «здраду радзіме». Спачатку абвінавацілі ў распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але 10 сутак арышту ў ІЧУ сталі толькі пачаткам: пасля мяне абвінавацілі ў намеры ўдзельнічаць у баявых дзеяннях з боку Ўкраіны. Далей былі допыты па 5-6 гадзін, псіхалагічны і фізічны ціск, фарс пад назвай «суды". У ліпені мне далі 2,5 гады калоніі.
Зона – гэта проста асобны свет. Пастаянны псіхалагічны ціск з боку супрацоўнікаў, сукамернікаў, іншых зняволеных. Ты не ведаеш, што цябе чакае праз пару гадзін, заўтра і так далей.
Калі выйшаў, зразумеў, што не адчуваю сябе ў бяспецы. Не было жадання паўтарыць сваю «прыгоду». І ўвосені 2024 года я пераехаў у Польшчу. Першы час мне вельмі дапамагалі, але на жаль, тут пакуль не атрымліваецца паставіць сваё жыццё на патрэбныя рэйкі. Хоць крыху ведаю польскую, з усіх варыянтаў заробку атрымалася ўладкавацца толькі на будоўлю. Прынамсі, нешта плацяць (але не заўсёды), хаця фізічна не лёгка.
Таму вырашыў звярнуцца па дапамогу. Сам ужо не спраўляюся: з самай раніцы на будоўлі, па выходных — тэхнікум (вырашыў вучыцца на тэхніка анімацыйных фільмаў). Але праграма доўжыцца два гады, а я не ведаю, ці змагу пратрымацца столькі часу на будоўлі. Таму хачу перавучыцца, каб лепш адпавядаць мясцоваму рынку (ужо знайшоў курсы, якія доўжацца некалькі месяцаў) і ўладкавацца на стабільную працу. На час вучобы вельмі патрэбная дапамога з аплатай жылля.
Веру ў тое, што змагу знайсці сваё месца ў Польшчы. Праўда, з кожным днём захоўваць гэтую веру ўсё больш складана, але рукі пакуль не апускаюцца. Буду вельмі ўдзячны ўсім, хто адгукнецца на маю просьбу аб дапамозе.
Сума збору
€2500
€900 – аплата кватэры на два месяцы,
€1000 – перанавучанне і атрыманне сертыфікатаў па спецыяльнасці «мехатроніка»,
€600 – прадметы першай неабходнасці.