У 2020 годзе першы раз у жыцьці я пайшоў на выбары. Я надзеў майку з SYMBАL.BY і белы бранзалет, на ўчастку я сфатаграфаваў бюлетэнь, склаў яго гармонікам, кінуў скрыню, а потым адправіўся ў горад. Было страшна. Але я не падазраваў, што на наступны дзень сам стану ўдзельнікам канфлікту.
На наступны дзень, калі стала вядома аб забойстве Аляксандра Тарайкоўскага, я праязджаў міма стыхійнага мемарыяла ў ягоны гонар і, спыніўшыся на светлафоры, сігналіў разам з іншымі кіроўцамі ў знак салідарнасці. А побач, у суседнім пасе, стаяў аўтамабіль з чырвона-зялёным сцягам і кіроўца той машыны непрыязна глядзеў на мяне. Потым, калі загарэўся зялёны сігнал, і плынь рушыла, гэты кіроўца пачаў падразаць мяне і ствараць небяспечныя сітуацыі на дарозе. Каб пазбегнуць канфлікту, я абагнаў тую машыну і хацеў з'ехаць, аднак кіроўца ўрэзаўся ў мяне ззаду.
Пазней, калі было разбіральніцтва, мяне прызналі вінаватым у ДТЗ. А відэа з вулічнай камеры назірання, якое магло б пацвердзіць маю невінаватасць, дзіўным чынам знікла. Суд абавязаў мяне выплаціць вялікі штраф і кампенсацыю кіроўцу з чырвона-зялёным сьцягам.
У наступны раз я трапіў у пераплёт 13 кастрычніка – дзень, калі закідалі дымавымі шашкамі пенсіянераў. Я ехаў па Прытыцкага і ўбачыў як АМАП збівае чалавека на прыпынку. Я дастаў тэлефон і паспеў зняць гэта на відэа. А праз пяць хвілін мяне падразалі 2 мікрааўтобусы. Адтуль выскачылі людзі, разбілі мне машыну, выцягнулі мяне на асфальт і збівалі да таго часу, пакуль я не страціў прытомнасць.
Ачуняў я ўжо ў Фрунзенскім РУУС з чэрапна-мазгавой траўмай. Мяне на хуткай адтуль забралі ў траўматалогію ў Бараўлянах. Лекар настаяў на шпіталізацыі, і так я змог пазбегнуць Акрэсціна. Пасля гэтага я доўга аднаўляў здароўе, і хадзіць на маршы ўжо не мог.
2 лютага 2021 года да мяне дадому ў Хацежына прыйшлі супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС. Мяне затрымалі, а ў пратаколе напісалі, што я нібыта ў нецвярозым выглядзе хадзіў па вуліцах, лаяўся матам, размахваў рукамі і абражаў міліцыю. Потым мяне адправілі на Акрэсціна. Там я абвясціў сухую галадоўку. У адказ, праз 72 гадзіны мяне зноў перавезлі ў РУУС і склалі яшчэ 2 пратаколы за нібыта антысацыяльныя паводзіны і прызначылі штраф 25 базавых велічыняў, але адпусцілі.
Каб ачуняць, я на час пераехаў у вёску, дзе ў мяне быў набыты дом. Аднак 3 чэрвеня 2022 года па мяне зноў прыехалі. На гэты раз дзеля мяне быў зладжаны нейкі паказальны цырк, бо па мяне прыехала штук 7 машын, адтуль выбеглі нейкія спецпадраздзяленні з аўтаматамі, а сам працэс здымалі на камеры (у тым ліку і з коптара). Пазней гэтыя матэрыялы былі скарыстаныя для прапагандысцкіх ролікаў.
Мяне забралі на Акрэсціна ў перапоўненую камеру, пасля перавезлі на Валадарку, а потым у Магілёўскую турму №4. Пасля быў суд. Мяне асудзілі па артыкулах 130* і 342** і далі два з паловай гады калоніі ў ВК-3 у пасёлку Віцьба. У знак пратэсту я двойчы трымаў сухую галадоўку і двойчы рэзаў сабе вены, але гэта прывяло толькі да таго, што мяне больш за паўгода пратрымалі ў ШІЗА і ПКТ.
Былі яшчэ некалькі дробных сітуацый, якія пакуль не вартыя ўвагі.
Пасля вызвалення я не мог вярнуцца да сваёй працы. У мяне было сваё івэнт-агенцтва (я саксафаніст і дырыжор аркестра, скончыў Універсітэт культуры і мастацтваў), і я займаўся арганізацыяй мерапрыемстваў. Але давялося яго закрыць, бо інакш мяне абклалі б штрафамі і ўвагналі б у даўгі. А галоўнае, падчас ператрусаў у мяне скралі амаль усё абсталяванне, якое ў мяне было.
Я спрабаваў знайсці іншую працу, але чалавеку, які мае тэрмін паводле палітычнага артыкула, у сучаснай Беларусі зрабіць гэта амаль немагчыма. Прыватнікі браць на працу баяцца, а дзяржаўныя прадпрыемствы адразу адмаўляюць. Таму ўзважыўшы ўсе рызыкі, я вырашыў з'ехаць.
Вядома, у эміграцыі мне вельмі цяжка. Аднак пасля ўсіх пройдзеных выпрабаванняў я навучыўся шанаваць свабоду і зразумеў, як важна, каб законы працавалі. Я вельмі хачу, каб мая Беларусь вызвалілася ад ярма, і ведаю, што гэта здарыцца. Таму, нягледзячы на свой складаны стан, я з аптымізмам гляджу ў будучыню і планую пачаць новае жыццё.
Але, шчыра кажучы, за час, праведзены ў калоніі, я страціў шмат здароўя. Пастаянны стрэс, галадоўкі і ўмовы ўтрымання моцна аслабілі мой арганізм. Старыя праблемы абвастрыліся і з'явіліся новыя сімптомы, якія я не магу ігнараваць.
Мне трэба прайсці абследаванне і пачаць лячыцца. Таксама мне патрэбны сродкі, каб здымаць кватэру першыя 2-3 месяцы, пакуль я займаюся уладкаваннем свайго жыцця.
Калі ў вас есць магчымасць падтрымаць мяне ў гэты цяжкі перыяд, я буду вам бясконца ўдзячны.
*арт 130 КК РБ – распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці ці варажнечы
** арт 342 КК РБ – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
Сума збору
€3000
€1000 – сродкі на поўную праверку майго арганізма
€1000 – 2 месяцы арэнды кватэры
€1000 – сродкі на «чорны дзень» і на жыццё, пакуль я ўстаю на ногі