Сяргей Рудзянкоў трапіў за краты ў лістападзе 2022 года. Пасля вызвалення ў снежні 2025 года яго вывезлі ва Украіну – і цяпер ён будуе новае жыццё ў Літве. Нядаўна да мужчыны нарэшце прыехала сям’я.
Мяне завуць Сяргей Рудзянкоў, я жыхар Чачэрска і былы палітзняволены. Мяне вызвалілі ў снежні 2025 года з турмы №4 і вывезлі ва Украіну.
Апынуўся за кратамі я ў лістападзе 2022 года. Да гэтага працаваў у «Белтэлекаме», але быў вымушаны звольніцца па палітычных матывах. Матэрыяльнае становішча пасля гэтага было няпростым: у малым горадзе працы няшмат, і паўсюль мне адмаўлялі. Тады я вырашыў папрасіць дапамогі ў фонду BYSOL, але напісаў у падстаўны бот, створаны спецслужбамі. І за тое, што мне спатрэбілася падтрымка, мяне абвінавацілі паводле арт. 361-4 КК РБ у спрыянні экстрэмісцкаму фармаванню.
Акрамя гэтага мяне абвінавацілі ў распальванні нацыянальнай варожасці за каментар супраць вайны ва Украіне і абразу Лукашэнкі ды міліцыі (таксама за лайк і каментар). За ўсё гэта мяне пакаралі пяццю гадамі калоніі.
Да вызвалення я правёў у зняволенні тры гады, быў у ПК №17 і турме №4. Давалася гэта мне надзвычай цяжка праз хранічныя хваробы. Я рыхтаваўся да найгоршага канца. Нас там проста метадычна, паволі забівалі.
На шчасце, мне пашанцавала. Цяпер я ў Літве, працую як прыватны прадпрымальнік электрыкам. Нядаўна да мяне з Беларусі выехалі жонка з сынам – цяпер перажываю куды менш, бо мы разам. Жонка таксама стала значна спакайнейшай, перастала баяцца, што дзіця забяруць. Сын таксама рады, што з’ехаў і што нарэшце са мной.
Але забяспечыць нас усіх мне пакуль няпроста. У планах жонкі – легалізацыя і пошук працы, але пакуль зарабляю толькі я. А нам трэба шукаць новае жыллё на траіх, уладкоўвацца на новым месцы.
Таму звяртаюся да вас па дапамогу. Буду шчыра ўдзячны ўсім, хто адгукнецца.
Сума збору
€2500
€1800 – арэнда жылля на тры месяцы
€700 – бытавыя выдаткі
