Сяргей амаль шэсць гадоў правёў у калоніі па справе тэлеграм-канала «Армія з народам». Адразу пасля вызвалення ён з’ехаў у Літву. Цяпер яму патрэбная аперацыя, каб зноў нармальна дыхаць.
Мяне завуць Сяргей. У ліпені 2026 года я выйшаў на волю, адбыўшы ўвесь тэрмін. Праз чатыры дні я пералез па лесвіцы праз плот на мяжы з Літвой і папрасіў прытулку. Пакуль афармляюцца дакументы, я жыву ў шэлтары.
Каля двух гадоў таму, яшчэ ў калоніі, мне стала цяжка дыхаць носам. У жніўні мяне агледзеў отарыналарынголаг у Вільнюсе: праз скрыўленую перагародку насавы ход амаль цалкам перакрыты, і патрэбная аперацыя. Пакуль я ў статусе прасіцеля прытулку, бясплатна мне належыць толькі экстранная дапамога, а планавую аперацыю трэба аплачваць самому.
У 2020 годзе я стаў адным з адміністратараў тэлеграм-канала «Армія з народам». Мы звярталіся да людзей у пагонах і заклікалі іх абараняць народ, а не Лукашэнку. У кастрычніку 2020 года мяне затрымалі, а ў маі 2021-га далі пяць з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Па гэтай жа справе асудзілі і маю жонку. Нашым дзецям тады было чатыры і шэсць гадоў. Іх вывезла ў Польшчу бабуля, і ўсе гэтыя гады яна сачыла, каб дзеці нас памяталі.
У калоніі ад мяне патрабавалі прызнаць віну і напісаць прашэнне аб памілаванні. Супрацоўнікі ГУБАЗіК прапаноўвалі здзелку: свабода ў абмен на тое, што дзеці вернуцца ў Беларусь. Я адмовіўся, таму што за мяжой у дзяцей ёсць будучыня. Мяне саджалі ў ШІЗА і ПКТ, а ў 2023 годзе дадалі яшчэ дзевяць месяцаў за «злоснае непадпарадкаванне». Фармальна нагодай сталі парушэнні формы адзення. Свой дзень нараджэння ў 2025 годзе я таксама сустрэў у ШІЗА.
Праз пару дзён пасля таго, як я апынуўся ў Літве, да мяне прыехала жонка, а праз тыдзень – дзеці. Ім ужо дзесяць і дванаццаць. Каб апісаць гэтую сустрэчу ў мяне дагэтуль няма слоў, такі ў той момант быў наплыў пачуццяў.
Дапамажыце мне аплаціць аперацыю, каб я зноў мог нармальна дыхаць. Буду ўдзячны за кожны данат і за рэпост гэтага збору.
Жыве Беларусь!
Сума збору
€2500
€2300 – аперацыя на насавой перагародцы і насавых ракавінах
€200 – лекі пасля аперацыі
