Дапамога сям'і палітвязня, асуджанага на 9 гадоў за «каментар»

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

У красавіку 2022 года на тэлефон мужа патэлефанавалі з просьбай даць паказанні. Званок патлумачылі тым, што ў машыне, на якой муж некалі працаваў у таксі, былі перабітыя нумары. Муж пагадзіўся, праз нейкі час да дома пад'ехала машына. Я спусцілася следам за ім праз 5 хвілін і ўбачыла толькі машыну, якая ад'язджала ад дома з адным чалавекам у салоне. Муж на званкі не адказваў. У РАУС нічога не ведалі, казалі пісаць заяву аб знікненні па заканчэнні трох сутак. У сацыяльных сетках муж з'явіўся анлайн, але на паведамленні не адказваў. На званкі таксама не адказваў.

Пазней з'явілася інфармацыя, што гэта — наступствы 2020 года. Наняўшы адваката, мы даведаліся, што муж затрыманы за каментары ў тэлеграме ў 2020 годзе. На яго былі заведзеныя толькі адміністрацыйныя справы, але пасля суда па адміністрацыйнай справе — мужа павезлі ў кайданках у невядомым кірунку. Што, куды і чаму — невядома. Адвакату таксама нічога не сказалі.

Як стане потым вядома, на яго ўжо ў той час завялі крымінальную справу. Другі суд па адміністратыўнай справе пройдзе без прысутнасці мужа. Рашэнне суда — канфіскацыя мабільнага тэлефона і штраф у памеры 800 бел.руб. Муж прызнаны палітвязнем.

У працэсе следства дадаецца артыкул за артыкулам. Мужа заносяць у спіс людзей, якія маюць дачыненне да «тэрарыстычнай дзейнасці». Следства цягнецца 6 месяцаў. У кастрычніку яго судзілі па шасці артыкулах. Рашэнне суда — 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і выплата кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 2000 бел.руб.

Сям'ю пазбавілі бацькі і мужа. У нас двое дзетак. З самага пачатку нашага сямейнага жыцця муж узяў на сябе ўсю адказнасць за забеспячэнне сям'і фінансава. Ён працаваў, а я займалася выхаваннем нашых дзяцей. Сёлета старэйшы пайшоў у школу. Спробы ўладкавацца на працу афіцыйна не мелі поспеху. Нам давялося адмовіцца ад заняткаў з лагапедам. Я стала на біржу працы, але тамака мне нічым дапамагчы не змаглі. Не апускаючы рукі, я пачала сваю невялікую справу, зарэгістраваўшыся як самазанятая. З'явіўся невялікі прыбытак, але ён зусім маленькі і нестабільны. Мы жывем на здымнай кватэры. Цяпер вельмі цяжка спраўляцца адной. Мы пачалі вельмі часта хварэць, і лекі таксама патрабуюць пэўных сродкаў. Будзем вельмі ўдзячныя кожнаму за праяўленую салідарнасць.

Якая сума неабходна?

1350 € — вяртанне пазыкаў, узятых на аплату адваката; перадачы ў калонію; асабістыя патрэбы сям'і.

:
€ 2 078
Збор завершаны. Сабрана: € 2 078