Валянціна і Анатоль* апынуліся ў пастцы эміграцыі. Ратуючыся ад палітычнага пераследу ў Беларусі, ім удалося выратаваць і дачку, а вось іх сын быў затрыманы і атрымаў вялікі тэрмін па палітычным артыкуле. У Польшчы праз узрост і стану здароўя яны апынуліся ў адчайным фінансавым становішчы і просяць ім дапамагчы.
«Наша «чорная паласа» пачалася ў 2021 годзе калі мною зацікавіліся», – кажа Валянціна*. – «Да таго часу я шмат гадоў ужо вяла акаўнт, у якім дзялілася важнай палітычнай інфармацыяй для людзей майго ўзросту, каб у іх быў альтэрнатыўны пункт гледжання прапагандзе з тэлевізара. Праз змест майго акаўнта мяне і выклікалі на гутарку ў РАУС. Баючыся затрымання, я ў міліцыю не пайшла, а стала хавацца ў знаёмых, не вяртаючыся дадому. Тады на мяне распачалі крымінальную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Праз некалькі месяцаў у дом Валянціны і Анатоля раніцай уварваўся ГУБАЗіК. Яны прыйшлі па іх сына, а разам з ім затрымалі і іх непаўналетнюю дачку. Пратрымаўшы дзяўчыну больш за 15 гадзін на допытах, яе адпусцілі дадому. Сын жа быў арыштаваны і пазней атрымаў вялікі тэрмін у калоніі агульнага рэжыму і прызнаны праваабаронцамі палітзняволеным.
Доўга Валянціна хавацца не магла, разумела, што рана ці позна яе знойдуць. Да таго ж сын праз адваката перадаў, каб яна з'язджала. Жанчына не стала марудзіць, і праз Расію і Украіну дабралася да Польшчы.
«Мае муж і дачка засталіся, іх увесь час выклікалі на допыты, у нашай хаце за ўвесь гэты час было пяць ператрусаў. Потым сталі на размову ў РАУС запрашаць і мужа, бо апазналі яго па фота з акцый пратэсту. Спаслаўшыся на кавід, муж паабяцаў прыйсці да іх пазней, і з'ехаў да мяне. Дачка яшчэ вучылася і з'язджаць не хацела».
Валянціна ўладкавалася на працу, яны з мужам падалі дакументы для атрымання міжнароднай абароны. Анатолю з працай было больш складана, шукаў нейкія падпрацоўкі на будоўлі, але ж яму было там цяжка фізічна, бо ён некалькі гадоў таму перанёс інсульт. Сужэнцы нават стараліся падтрымліваць сына і дачку, перадавалі пасылкі для перадачы, пераводзілі дочкі грошы. Толькі праз год удалося ўгаварыць дачку пераехаць да іх, каб быць у бяспецы.
Аднак усе гэтыя стрэсы і перажыванні адбіліся на здароўе Валянціны і Анатоля. З улікам узросту і стану здароўя шмат якія месцы працы для іх не даступныя. Анатоль падаў дакументы ў ZUS для афармлення пенсіі, але гэты працэс вельмі доўгі, і яшчэ невядома, які будзе адказ з беларускага боку. Нават калі ўсё будзе добра, дык пенсія будзе мінімальнай.
Валянціне па польскім заканадаўстве трэба чакаць яшчэ два гады, каб падаць дакументы на пенсію. У Польшчы ёсць адзін добры, але ў той жа час дрэнны закон: калі ў цябе застаецца 4 гады да пенсіі, цябе не маюць права скараціць або звольніць, але ёсць і адваротны бок – працадаўцы не хочуць браць на працу і заключаць дамову з людзьмі перадпенсійнага ўзросту.
«У жніўні ў нашым доме ў Беларусі зноў быў ператрус. На мяне завялі новую справу – яны мяне апазналі на маршах па фота». – дзеліцца Валянціна. – «Гэта ўжо другая крымінальная справа на мяне».
Сітуацыя ў Валянціны і Анатоля вельмі складаная. «Муж ужо не знаходзіць асабліва падпрацоўкі, ціск у яго моцна падымаецца, пакуль трымаецца на таблетках. Я, бывала, падмяняла сядзелку, прыбіралася, палола грады, арэхі нават неяк чысціла». Гэтых выпадковых падпрацовак ім хапае толькі на ежу, а вось з аплатай здымнага жылля яны ўжо не спраўляюцца.
«Разумею што ёсць беларусы, у якіх сітуацыя яшчэ горшая, чым у нас і ва ўсіх ёсць такая праблема як арэнднае жыллё, ёсць дзеткі. Але калі хто мае магчымасць нам дапамагчы будзем Вам вельмі ўдзячныя».
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імёны герояў. Малюнак згенераваны пры дапамозе ШІ.
Сума збору
€3000
€3000 – арэнда жылля на 6 месяцаў разам з камунальнымі аплатамі жыллё нам абыходзіцца ў €500 штомесяц, нам патрэбны час, каб не апынуцца на вуліцы, падлатаць здароўе і знайсці стабільны заробак