Фотадакументаліст, які асвятляе вайну і пратэсты, шукае падтрымкі для працягу працы і новага жыцця ў эміграцыі

  • Гісторыя

Ўсім прывітанне!
Мяне завуць Аляксандр Васюковіч. Я – фотадакументаліст.

З 2010 года я здымаю для незалежных і замежных СМІ. У аб'ектыве маёй камеры пабывалі выбары прэзідэнта і наступны разгон «Плошчы» ў 2010 годзе, «маўклівыя пратэсты» і многія іншыя беларускія падзеі.

Калі ўва Ўкраіне пачаўся «Майдан», я паехаў яго здымаць, бо не мог прайсці міма. Пасля я дакументаваў пачатак вайны на Данбасе – там я здымаў добраахвотнікаў, якія часцяком без усялякага досведу і навыкаў, адпраўляліся на абарону сваёй краіны. Так з'явіліся мае першыя праекты, звязаныя з вайной: «War among sunflower: volunteers of donbas» і «Commemorative photo».

У Беларусі я шмат здымаў для дабрачыннага фонду «Імёны» – заўсёды было жаданне зрабіць гэты свет крыху лепшым. Яшчэ адна важная тэма, якой я займаўся разам са сваёй калегай — гэта тэма хатняга гвалту ў Беларусі. Мы шмат размаўлялі і здымалі жанчын, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю.

Вядома ж, я не мог не здымаць падзеі 2020 года. Здымаў іх з першага да апошняга дня. Тады я ўпершыню патрапіў на Акрэсціна на 11 сутак. Але я ўсё роўна вырашыў застацца ў Беларусі, бо мне падавалася, што важна працягваць дакументаваць тое, што адбываецца.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ўва Ўкраіне я зразумеў, што я не магу застацца ў баку і павінен здымаць там. Ува Ўкраіну я ездзіў тройчы, праводзячы там кожны раз па паўтара месяца. І вось, пасля трэцяй паездкі мяне арыштавалі, правялі ператрус, і 10 дзён я чакаў на Акрэсціна пакуль мне прад'явяць абвінавачанні.

Як і многія іншыя журналісты, я быў абвінавачаны ў актыўным удзеле ў пратэстах і скараны на 3 гады «хатняй хіміі». Нікога пры гэтым не хвалявала, што я рабіў сваю працу. Усяго за кратамі я правёў каля 3 месяцаў.

«Хатняя хімія» – гэта від пакарання, калі асуджаны застаецца на волі, але з абмежаваннямі – нататка BYSOL.

Баючыся далейшага пераследу і разумеючы, што ў Беларусі я больш не змагу займацца любімай справай, я вырашыў з'ехаць у Польшчу, дзе планую прасіць міжнароднай абароны і пачынаць новае жыццё.

€3700 – гэта тая сума, якую я хацеў бы сабраць. Яна дапаможа мне аплачваць жыллё і прадукты пакуль я чакаю рашэння аб наданні мне абароны. Таксама невялікую частку атрыманых сродкаў я выкарыстаю для падрыхтоўкі свайго матацыкла да паездкі ўва Ўкраіну да лініі фронту, дзе я планую працягнуць дакументаванне вайны і наступстваў расейскай агрэсіі.

Дзякуй!

Сума збору:

€3700

€2400 – арэнда кватэры на 4 месяцы,
€800 – бягучыя выдаткі (прадукты, праезд) на 4 месяцы,
€500 – рамонт матацыкла пасля папярэдняй паездкі ўва Ўкраіну, падрыхтоўка да наступнай паездкі.

:
€ 3 762
Збор завершаны. Сабрана: € 3 762