Дапамога ў пакрыцці неабходных выдаткаў для сям'і Рыбаковых, якія з'ехалі з Беларусі праз рэпрэсіі

  • Гісторыя

Мы з мужам – інваліды 3 групы. У мяне наступствы перанесенага з нараджэння ДЦП, а ў мужа нейросэнсорная глухаватасць 3-4 ступені – у падлеткавым узросце ён аглух на адно вуха, а ў 40 гадоў пасля перанесенага ВРВІ яго слых упаў яшчэ больш. У нас трое дзяцей: сын 18 гадоў і дзве дачкі – 14 і 12 гадоў.

Рашэнне з'ехаць з Беларусі мы прынялі ў 2020 годзе, пасля таго як удзельнічалі ў мірных пратэстах і сутыкнуліся з рэпрэсіямі.

Мы жылі на адной з цэнтральных вуліц Берасця. Я працавала ў бібліятэцы, а муж працаваў у арганізацыях камунальнай гаспадаркі і перыядычна ездзіў на заробкі ў Польшчу. Яшчэ да пачатку выбараў увесь аддзел бібліятэкі, дзе я працавала, адмовіўся ставіць подпісы за вылучэнне Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты. Начальства ўспрыняла гэта як бунт і нас пачалі пераводзіць у іншыя аддзелы, каб разбіць дружны калектыў. Апускаючы падрабязнасці, скажу, што я тады звольнілася і пайшла ў іншую бібліятэку.

Калі пачаліся пратэсты, мы таксама бралі ў іх удзел. Мы вывесілі на балконе бчб-сцяг, які пашыла наша дачка, выходзілі на балкон і віталі калоны людзей, якія праходзілі па нашай вуліцы. Калі АМАП з жорсткасьцю пачаў разганяць і затрымліваць людзей, нас гэта ўзрушыла. Аднойчы ноччу я была сведкай таго, як скінулі з ровара маладога хлопца і пачалі яго збіваць, пасля чаго на плітцы застаўся крывавы след, на які людзі потым прынеслі кветкі. Мы былі рады, калі даведаліся, што гэты хлопец застаўся жывы.

Аднойчы да мяне на працу прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Яны забралі мой тэлефон і, не даўшы нават схадзіць у прыбіральню, павезлі дадому, каб правесці ператрус. Мне сказалі, што я падазраваная па артыкуле «здрада радзіме», бо ў іх ёсць інфармацыя аб маім удзеле ў «Рабочым Руху». Мне нават стала крыху смешна ад гэтага – як простая бібліятэкарка можа здрадзіць радзіме?

Перавярнуўшы ўсю кватэру, сілавікі павезлі мяне на допыт. Па дарозе яны распытвалі мяне наконт майго ўдзелу ў мітынгах і «экстрэмісцкіх» арганізацыях. Я не ведала, што ў іх супраць мяне ёсць, таму адказвала, што нідзе не ўдзельнічала.

У кабінеце на вуліцы Леніна ў Берасці іншы супрацоўнік КДБ працягваў допыт і вывучаў мой тэлефон. Я моцна баялася за сваіх дзяцей. Тым больш, што прагучалі пагрозы, што іх могуць адабраць у мяне і змясціць у дзіцячы дом. Гэта працягвалася даволі доўга. Мне задавалі адны і тыя ж пытанні ў розных варыянтах, а потым раптам нечакана адпусцілі… Але было сказана, што за мной будзе весціся назіранне, і калі я яшчэ траплюся, мяне пасадзяць у турму. Пасля гэтага выпадку я стала вельмі моцна баяцца любых званкоў у дзверы, а таксама выклікаў да дырэктара ўстановы, дзе я працавала.

Пасля 24 лютага 2022 года абстаноўка на працы стала яшчэ больш невыноснай. Любая размова за зачыненымі дзвярыма аб вайне ўва Ўкраіне вельмі хутка рабілася вядомай дырэктару — хтосьці даносіў. Мне неаднаразова «нагадвалі», што ў мяне трое дзяцей, а работнікаў з апазіцыйнымі поглядамі ў школе быць не павінна.

У 2023 годзе да нас прыходзіла праверка. Кнігі па гісторыі Беларусі 1990-2000 гадоў, якія стаялі на паліцы, з выявай «Пагоні» і бчб-сцяга прывялі ў лютасць правяраючых з Менска і дырэктара школы. Хоць гэтыя кнігі туды прынесла не я (яны былі афіцыйна атрыманы ў свой час), мяне прымусілі гэтыя кнігі спісаць, прычым заднім чыслом. Маё меркаванне наконт гэтага нікога не цікавіла. Дырэктарка сказала спісаць увогуле ўсю гістарычную літаратуру 90-х гадоў. Затым да нас сталі дасылаць розныя спісы «экстрэмісцкай» літаратуры, якую мы павінны былі забіраць.

Мне было вельмі цяжка знаходзіцца ў такой атмасферы, і я не магла і не хацела прымаць удзел у гэтым варварстве. Сэрца разрывалася. Таму мы вырашылі з'язджаць.

З сабой мы таксама ўзялі котак, якіх некалі падабралі на вуліцы. Мы разумелі, што з такім багажом будзе вельмі цяжка ўладкавацца на новым месцы, але выкінуць на вуліцу або ўсыпіць нашых гадаванцаў не дазволіла сумленне.

Арэнднае жыллё для нас усё ж знайшлося. Але праблема ў тым, што знайсці працу двум людзям з абмежаваннямі па здароўі вельмі нялёгка. Цяпер мы займаемся гэтым пытаннем і бярэмся за ўсе падпрацоўкі. Спадзяемся, што калі зможам уладкавацца і атрымаем першыя заробкі, будзе лягчэй.

А цяпер мы просім вашай дапамогі ў аплаце арэнды жылля і ў пакрыцці самых неабходных выдаткаў, якія ўзнікаюць пасля пераезду.

Дзякуй вялікі!

Сума збору:

€4000

Аплата арэнды жылля за травень і чэрвень – €1600
Купля неабходных лекаў для мяне і для мужа – €400
Аплата паўсядзённых выдаткаў – ежа, простае адзенне, сувязь і транспарт – на 2 месяцы – €2000

:
€ 4 343
Збор завершаны. Сабрана: € 4 343