«Мне сказалі: мы нічога не забылі, ты зноў паедзеш па этапе!»

  • Гісторыя

Адзін з галоўных фігурантаў «пінскай справы» пасля турмы эвакуяваўся ў Польшчу і просіць падтрымкі, каб пачаць працаваць і самастойна сябе забяспечваць.

Мяне завуць Вячаслаў Рагашчук. У жніўні 2020 года я быў сярод тых, хто выйшаў у Пінску пасля выбараў. Людзі стаялі каля гарвыканкама, чакалі вынікаў, там былі жанчыны, мужчыны, дзеці. Калі сілавікі пачалі акружаць і збіваць людзей, я і яшчэ некалькі чалавек першымі пабеглі іх абараняць. Любы адэкватны мужчына ў такі момант абараніў бы жанчын і дзяцей, тым больш што яны прыйшлі туды выказаць сваю нязгоду.

10 жніўня 2020 года мяне жорстка затрымалі: білі адразу, потым у міліцыі працягвалі збіваць. Я быў адным з тых, каго па крымінальнай справе прызначылі «асноўным». Потым быў суд, вялікі пазоў, калонія і амаль шэсць гадоў зняволення. Амаль год – 237 сутак – я правёў у ШІЗА.

Я выйшаў з калоніі 25 лютага 2026 года. Мне далі два гады прэвентыўнага нагляду. Калі я прыйшоў станавіцца на ўлік, мне сказалі, каб я рыхтаваў сумкі, бо хутка мяне зноў пасадзяць «на строгі лагер», бо яны «нічога не забылі, і ты паедзеш далей. Так што рыхтуйся».

Я разумеў, што заставацца ў Беларусі нельга. Супраць мяне ўжо ўзбуджалі новыя справы, выклікалі маю сястру і маці. Пасля амаль шасці гадоў турмы зноў чакаць, калі па цябе прыйдуць, я не хацеў. У сакавіку 2026 года мяне ў Польшчу вывез BYSOL толькі з адным заплечнікам. Сям'і няма, ды і ўвогуле нічога няма. Усё, што было, прадалі з аўкцыёнаў.

Цяпер я ў Варшаве. Падаўся на міжнародную абарону. У мяне ёсць часовы дакумент, які дзейнічае да снежня, але паўнавартаснага дазволу на працу пакуль няма. Я яшчэ разбіраюся, куды ісці і як усё правільна аформіць. Першыя месяцы пасля вызвалення і пераезду – гэта самы цяжкі час. Трэба плаціць за жыллё, купляць асабістыя рэчы, неяк жыць, разбірацца з дакументамі. Без рахунку ў банку, без нармальнай працы і без зразумелай сістэмы ўсё ідзе вельмі павольна.

Я магу і люблю працаваць рукамі. Хачу займацца аздабленнем і рамонтам кватэр. Для гэтага патрэбны інструмент: перфаратар, балгарка, шліфавальная машынка і іншыя базавыя рэчы. Калі ёсць інструмент, можна браць замовы, працаваць на сябе і паступова станавіцца на ногі. Гэта была б магчымасць хутка пачаць зарабляць і больш ні ў кога нічога не прасіць.

Мне не патрэбныя грошы проста «на жыццё» або як падарунак на камфорт. Сума, якую я прашу сабраць, цалкам не пакрые неабходныя выдаткі, але любая ваша падтрымка на старце будзе для мяне як глыток паветра! Упэўнены, калі цяпер стану на ногі, далей змагу спраўляцца сам!

Я яшчэ веру, што мы пераможам гэтае зло. Наша сіла ў адзінстве. Жыве Беларусь!

Сума збору:
€2500

€1000 – аплата жылля
€1000 – купля працоўных інструментаў
€300 – ежа
€200 – асабістыя рэчы, сувязь і бытавыя выдаткі

Сабрана:
€ 0 з 2 500