Мы Аляксандр і Надзея з Менску. У нас чацвёра непаўналетніх дзяцей. У 2020 годзе мы з жонкай удзельнічалі ў мірных пратэстах і падтрымлівалі беларускія фонды дапамогі – Краіна для жыцця і BYSOL. Усё гэта, як выявілася пазней, стала падставай для доўгіх месяцаў ціску, пераследу, арыштаў і, у выніку, – эміграцыі.
У жніўні 2023 года мяне ўпершыню выклікалі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, абвінаваціўшы ў пераказе 20 даляраў у BYSOL. Сілавікі прапанавалі «ўрэгуляваць» сітуацыю, і я заплаціў «добраахвотную кампенсацыю» у памеры 500 даляраў на рахунак медустановы. У траўні 2024 года мяне затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа за дзевяць пераказаў на суму 90 еўра ў фонд «Краіна для жыцця», зробленых у 2021–2022 гадах. Зноў 800 еўра «кампенсацыі», а затым яшчэ прымусілі «каяцца» на відэа.
Сілавікі ўзламалі мой смартфон і знайшлі фота і відэа з пратэстаў, на якіх была мая жонка, а таксама знайшлі чат-бот «План Перамога» і актывавалі яго. Пасля гэтага мяне арыштавалі спачатку на 13 сутак, а потым яшчэ двойчы: 2 і 10 сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Палова тэрміна арыштаў прайшла ў перапоўненым карцэры.
У чэрвені 2024 года затрымалі жонку за ўдзел у мірных акцыях 2020 года. Мяне адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, а яе пакінулі ў СІЗА. Тады ж я страціў працу, а разам з ёй – і сродкі на існаванне. Таксама нашу сям'ю паспрабавалі паставіць на ўлік як «сацыяльна небяспечную», але гэтага ўдалося пазбегнуць.
У жніўні 2024 года суд скараў Надзею на два з паловай гады абмежавання волі (так званай «хатняй хіміі») паводле артыкула 342 (удзел у масавых закалотах) КК. Мяне тым часам працягвалі выклікаць на допыты, і 14 лютага 2025 года мая крымінальная справа паводле артыкулаў 361-1 і 361-2 КК («фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні») – была перададзена ў Менскі гарадскі суд. Пасяджэнне прызначылі на 27 сакавіка.
Цяжка перадаць словамі тое, што давялося перажыць у гэтыя месяцы нашай сям'і: вусціш, арышты, адзінота, дзіцячыя слёзы, пастаянны страх за жонку і пастаяннае пытанне дзяцей — «Дзе мама?». Як толькі Надзея апынулася дома, мы вырашылі з'язджаць. Усё адбывалася вельмі хутка, мы з'ехалі літаральна з парай заплечнікаў, пакінуўшы ўсю сваю маёмасць, бо мы проста ратавалі нашых дзяцей, іх і сваю волю.
Цяпер мы ў Польшчы, жывём у прыгарадзе Варшавы, рыхтуем дакументы для падачы на міжнародную абарону. Але першыя месяцы на эміграцыі – самыя цяжкія, а з'язджалі мы спешна – без маёмасці. Нам вельмі патрэбна падтрымка, каб аплаціць жытло, харчаванне і транспарт. Мы просім дапамогі, каб прайсці гэты цяжкі этап і пачаць будаваць тут новае жыццё.
Сума збору
€5960
€1450 – арэнда кватэры (2 месяцы)
€1170 – заклад за арэнду (разавы плацёж)
€570 – камунальныя плацяжы
€800 – прадукты харчавання (2 месяцы)
€110 – школьнае харчаванне на траіх дзяцей
€130 – курсы польскай мовы (2 месяцы)
€520 – купля базавай мэблі, посуду, тэкстылю і школьных прыладаў
€580 – навучанне старэйшага сына ў ліцэі з інтэрнатам
€130 – натарыяльныя пераклады дакументаў
€100 – транспартныя выдаткі
€100 — інтэрнэт і тэлефоны