23 траўня ў аэрапорце Менска была незаконна затрыманая Сафія Сапега — грамадзянка Расейскай Федэрацыі, якая вярталася з Грэцыі разам з галоўным рэдактарам тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу» Раманам Пратасевічам. Для затрымання Рамана ў Беларусі разгарнулі і пасадзілі самалёт рэйса Афіны-Вільнюс. Сафію затрымалі і ўтрымлівалі ў ІЧУ беспадстаўна. Мэтай супрацоўнікаў ГУБАЗіКу і КДБ было аказанне ціску на былога галоўрэда NEXTA.
Спачатку ўлады спрабавалі апраўдаць затрыманне грамадзянкі Расіі тым, што прызналі яе падазронай у арганізацыі масавых беспарадкаў. Аднак ужо на другі дзень пасля затрымання пары праўладныя каналы апублікавалі правакацыйнае відэа, на якім Сафія кажа, што з'яўляецца рэдактарам канала «Чорная кніга Беларусі». Цяпер Сафія Сапега прызнана вязнем сумлення. Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі за «Распальванне нянавісці».
У першыя ж дні пасля затрымання Рамана і Сафіі быў аб'яўлены збор сродкаў на аплату адваката і дапамогу сям'і Рамана Пратасевіча. Было сабрана 15927 еўра, частка гэтых сродкаў была накіравана на дапамогу Сафіі.
Цяпер дзяўчына знаходзіцца ў СІЗА КДБ, тэрмін яе ўтрымання пад вартай працягнуты на два месяцы. Сафіі неабходна дапамога адваката, яна і яе сям'я маюць патрэбу ў падтрымцы. У сувязі з гэтым аднаўляецца збор сродкаў на адваката і дапамогу сям'і палітвязьня Сафіі Сапегі.