Заступіўся за дзіцёнка і атрымаў 4 гады калоніі

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Былы палітзняволены пасля вызвалення быў эвакуіраваны з краіны. Яму патрэбная падтрымка, каб пабудаваць сваё жыццё ў эміграцыі і уз’яднацца з сям’ёй.

«Здараецца, што нейкая сітуацыя ставіць цябе перад выбарам: дапамагчы ці прайсці міма.

Побач са мной сілавікі збівалі непаўнагадовага хлопца. Гэта было падчас пратэстаў у 2020 годзе. Перш за ўсё я бацька, і думаў у той момант толькі пра тое, што на месцы гэтага хлопчыка магло апынуцца маё ўласнае дзіця. Таму я не мог не ўступіцца.

Праз месяц мяне затрымалі і асудзілі на 4 гады калоніі. Гэты тэрмін я адбыў цалкам. У калоніі як палітычны зняволены я сутыкнуўся з сістэматычным псіхалагічным ціскам і фізічным гвалтам з боку супрацоўнікаў установы. Гэтыя гады здзекаў моцна змянілі мяне, але не змаглі пазбавіць мяне самага галоўнага – жадання вярнуцца на свабоду і да сваёй сям’і.

Калі я вызваліўся з калоніі, мяне эвакуіравала з Беларусі каманда BYSOL. У вымушанай эміграцыі я сутыкнуўся з цяжкасцямі, як і ўсе, але доўгі час прынцыпова не звяртаўся па дапамогу. Мне здавалася, што я абавязкова спраўлюся сам. Я шукаў працу, браўся за любыя магчымасці і верыў, што стану на ногі і перавязу сваіх блізкіх. Больш за ўсё на свеце я хачу абняць сваю сям’ю.

Але жыццё распарадзілася інакш, і сёння я вымушаны прызнаць, што самастойна пераадолець гэты этап ужо не атрымліваецца. Каб знайсці стабільны заробак, мне трэба атрымаць новую прафесію і прайсці адпаведнае навучанне. Без пастаяннай працы я магу страціць магчымасць аплочваць арэнду кватэры. А без арэндаванай кватэры мне няма куды будзе перавезці жонку і дзіцёнка. У Беларусі я іх пакінуць не магу – там яны пад пастаянным ціскам як сям’я палітзняволенага.

Нягледзячы на ўсё, што я перажыў у зняволенні, мне здаецца, я не страціў веру ў тое, што ў цяжкія часы побач апынаюцца людзі, гатовыя працягнуць руку. Таму прашу вас пра падтрымку ў гэты складаны перыяд. І ад усяго сэрца дзякую кожнаму, хто прачытаў маю гісторыю і вырашыў падтрымаць нашу сям’ю».

*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі дэталі гісторыі. Выява згенераваная з дапамогай ШІ

Сума збору
€2500

€2500 – аплата жылля (арэнда і камунальныя паслугі на тры месяцы), пакуль я праходжу навучанне і шукаю працу

Сабрана:
€ 0 з 2 500