Мая гісторыя пачынаецца даволі банальна. Усё жыццё маёй сям'і падзяліліся на «да» 16 лютага і «пасля».
16 лютага 2022 года, раніцай, да мяне ў кватэру ўварваліся супрацоўнікі АМАП у поўным абмундзіраванні. Іх было чалавек 10. Стукнуўшы мяне пару разоў па твары і ў жывот (гэта суправаджалася словамі «глядзі ў падлогу, а не нас»), мне сказалі, што мне прад'яўленыя абвінавачванні па арт. 369 і зараз будзе праведзены ператрус.
Ператрус нічога не даў, бо ў кватэры не было нічога супрацьзаконнага. Аднак яны ўсё роўна забралі тэлефон, планшэт, стацыянарны кампутар, усе флэшкі і 3 вінчэстары. Сказалі даць пароль ад мабільнага, на што я адказаў, што не памятаю. Сказалі, што у машыне я ўсё ўзгадаю. У машыне мяне кінулі да сябе ў ногі і сказалі глядзець у падлогу. Так я і ехаў, пакуль мяне не прывезлі ў Цэнтральнае РУУС. Ізноў паспрабавалі атрымаць пароль, але я ўсяляк імкнуўся яго ім не даць. Аднак пасля слоў, што «зараз мы паедзем да тваёй жонкі, дзіцяці з бабуляй, яны абавязкова скажуць» — я здаўся і аддаў ім пароль.
Тут жа паступіла прапанова зрабіць «пакаянае відэа», якое і было зроблена. Пасля мяне на ўвесь дзень пакінулі ў РУУС і ўжо позна ноччу перавезлі на Акрэсціна. Там адбывалася ўсё па стандарце — карцэр, у якім ужо і так было 5 чалавек, куртку забралі. На наступную раніцу на праверцы я зразумеў, што такое дубінка і што яна пакідае пасля сябе (адзіны раз, калі білі ў СІЗА і ў турме).
У пятніцу 18 лютага ў маім тэлефоне знайшлі яшчэ і фота з мірных маршаў і прад'явілі артыкул 342. Пасля адвезлі на Акрэсціна, зноў у карцэр (толькі цяплейшы, з гарачай вадой), але бонусам закінулі бяздомнага. Так мы правялі ўсе выходныя ўшасцёра. Святло на ноч не гасілася, кожныя 2 гадзіны праверкі, голая падлога. У панядзелак 21 лютага мяне этапавалі ў Жодзіна, дзе я і знаходзіўся да 23 красавіка.
Пасля, аж да суда (04.05), я знаходзіўся на Валадарцы. У Жодзіне сустракаў вельмі шмат людзей з артыкулам 369 (ну і 130 заадно, справа Зельцара). На Валадарскага наадварот — артыкул 342 і больш «важныя» асобы. Верхнія нары, прафулік і іншыя «люботы» турэмнага жыцця. Суд скончыўся 04.05 — мне прысудзілі 1,5 гады «хіміі» з накіраваннем, 200 базавых штрафу, 2000 рублёў позвавых патрабаванняў.
Дзякуючы нашым сябрам, якія пазычылі нашай сям'і грошы, мы практычна ўсё аплацілі, акрамя штрафу. Апеляцыйны суд, які прайшоў 15.07 — пакінуў прысуд без зменаў.
Цяпер я адпраўляюся адбываць сваё пакаранне, пакідаючы адных сваю жонку (інваліда 3 групы па апорна-рухальнага апарату) і дзіця (7 гадоў) з вялізнымі даўгамі. Буду вельмі ўдзячны кожнаму, хто падтрымае нас у гэты час.
Якая сума неабходна?
1500 € — Падтрымка сям'і.