Дапамога былому палітвязню авалодаць новай прафесіяй

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

У самым пачатку 2022 года да мяне пагрукаліся людзі ў масках. Як толькі дзверы прыадчыніліся, я ўбачыў рулю пісталета, накіраваную мне паміж вачэй. Яшчэ секунда — мяне паклалі тварам у падлогу, рукі за спіной, і я пачуў металічны ляск кайданкоў.

Далей аддзелы, допыты, адбіткі пальцаў, пагрозы і прымус гаварыць на камеру пад дыктоўку — усё па класіцы.

Напрыканцы дня я апынуўся на Акрэсціна. Нас было 11 чалавек у аднамесным карцэры. З VIP-месцаў адна табурэтка, забетанаваная ў падлогу пасярод памяшкання 4x1.5м. Усе адначасова не могуць легчы на падлогу, бо не хопіць месца. Кіслароду мала — няма фортачкі. Усе пацеюць і смярдзяць як пратухлае мяса!

Кожныя дзве гадзіны стук у дзверы – усе ўсталі, пераклічка. Два разы на дзень абыход — выходзім па чарзе з камеры, нахіліўшыся максімальна долу, рукі за спінай. Калі нахіліўся нядосыць глыбока, атрымай дубінкай у спіну! Потым у шэраг да сцяны і ўрасцяжку. Ногі шырока, рукі дагары і ў бакі, пясткі вывернутыя вонкі. Пачынаецца «шмон». Потым назад у камеру ў такім самым становішчы.

Праз 11 сутак мяне перавезлі на Валадарку.
Этап — асобная гісторыя. Усе палітычныя прыраўноўваюцца да экстрэмістаў, таму кайданкі заўсёды зашпілены ззаду. Перавозяць у аўтазаку ў сталёвым боксе 0,5 м2 з жэрдачкай. Адчуваю сябе кількай у кансерве. Затым зноў расцяжка — стаім мо гадзіну. Потым па адным пачынаюць забіраць па кабінетах.

Агляд, паперы, зноў «шмон» і цуд — першы душ за 12 дзён! Потым на ноч адпраўляюць у адстойнік, а раніцой па камерах. Мне дасталася ў «Шанхаі» (камеры ў сутарэннях, самыя вялікія ў СІЗА-1 — нататка BYSOL). Раней там быў склад ці нешта накшталт таго. Памяшканне 6х4 метра, дзе ў тры ярусы размешчаны 24 койкі. На ўсіх маленькае акенца.

З 24 чалавек палова курыць. Вентыляцыя не працуе, таму ўвесь час стаіць дым, і я паступова выплёўваю лёгкія. Каб адаптавацца, вырашаю таксама часам выкурваць цыгарэту. Праз 2 тыдні стала лягчэй.

Пачынаецца рух па справе. Следчы, адвакаты, допыты, паказанні. Вынік — артыкул 342 (арт 342 КК РБ — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак — нататка BYSOL) і паўтара года калоніі агульнага рэжыму.

У калоніі лягчэй: тут няма кайданкоў, свежае паветра, неба. Я паступова аднаўляюся, сыходзіць кашаль. Тут практыкуецца рабская праца. Зімой наш цэх не ацяпляецца, таму мы ўвесь час пацеем ад працы, а потым мерзнем. Вынік — тэмпература пад 40. Мяне забіраюць у лазарэт, дзе я магу адаспацца.

Я цалкам адседзеў прызначаны тэрмін у ВК-3 «Віцьба». Ужо на волі я сутыкнуўся са стабільнымі трывожнымі і дакучальнымі станамі. Спрабаваў вярнуцца да нормы, але ў нейкі момант пачуў пра паўторныя затрыманні былых палітвязняў. Даведаўся, што мяне таксама шукалі па месцы жыхарства.

Увечары я сеў у маршрутку і пакінуў сваю хату, адправіўшыся ў іншую краіну для афармлення неабходных дакументаў. Праз месяц я апынуўся ў Польшчы, дзе мне крыху лягчэй дыхаецца і псіхалагічна прасцей. Тут у мяне ёсць магчымасць паклапаціцца аб сваім здароўі і дабрабыце. Я пакутую ад сталага шуму ў вушах і боляў у спіне, і мне тэрмінова трэба прайсці медыцынскае абследаванне. Таксама я нацэлены навучыцца новай прафесіі — стаць Product manager, і ўжо знайшоў прыдатны курс. Але для ўсяго гэтага мне неабходна ваша падтрымка: я маю патрэбу ў фінансавай дапамозе для аплаты медыцынскіх паслуг, навучання і арэнды жылля на першы час. Ваша дапамога будзе для мяне бясцэнная.

Сума збору:

€2700

Сродкі патрэбны на вырашэнне праблем са здароўем, арэнду жылля на першы час, аплату навучання ў сферы IT.

  • Абследаванне хрыбта, галавы, сасудаў шыйнага аддзела, галаўнога мозгу (МРТ, УГД). Курс аднаўлення мануальнай і астэапатычнай тэрапіі. Абязбольвальныя, супрацьзапаленчыя, судзінапашыральныя прэпараты – €920
  • арэнда пакоя на 3 месяцы – €980
  • курсы навучання Product Manager IT праектаў – €800
:
€ 2 848
Збор завершаны. Сабрана: € 2 848