Вітаем, дарагія сябры!
На сувязі каманда збораў BYSOL.
Па дапамогу ў складаным фінансавым становішчы да нас звярнулася дзяўчына, якая ў Беларусі мела творчую прафесію. Была вельмі таленавітай ў сваёй справе, актыўнай, ініцыятыўнай і мэтай свайго жыцця бачыла ўнёсак у развіццё нашай культуры. Публічна хаваць сваё імя яна вырашыла, каб паклапаціцца пра бяспеку тых, хто дапамагаў ёй ратавацца ад палітычнага пераследу. Большасць з іх зараз жывуць і працуюць у Беларусі.
Паліна і да 2020 года мела актыўную грамадзянскую пазіцыю, таму пасля сфальсіфікаваных выбраў не магла застацца ў баку. Яна ўдзельнічала ў мірных мітынгах і маршах, падпісвала адкрытыя лісты. З-за гэтага на працы ў яе з’явіліся непрыемнасці.
Восенню 2020 года яна была затрыманая на маршы, пасля выбуху светлашумавой гранаты. Пры затрыманні яна была моцна збітая і свае содні Паліна правяла на Акрэсціна без вады і ежы і ў СІЗА. Ужо тады за ўдзел у пратэстах людзей звальнялі, але Паліну вельмі цаніла кіраўніцтва і разумела яе перспектыўнасць.
Праз некаторы час Паліна даведалася, што з’яўляецца падазронай у крымінальнай справе, у яе адбыўся ператрус, допыт. Але яна вырашыла не здавацца і не з'язджаць. Узімку 2021 у Міністэрстве культуры з’явіліся «чорныя спісы» з патрабаваннямі аб звальненні. Паліна хадзіла па інстанцыях, абараняла свае правы. Але гэтым дзяўчына нічога не дамаглася.
Паліна шукала нейкае выйсце, ужо разумеючы, што ў Беларусі працаваць ёй не дадуць. Падчас пошукаў яна знайшла стыпендыяльную праграму ў Еўропе, на якую і паступіла, і ў снежні 2022 года яна з’ехала з краіны.
У Еўропе працаўладкавацца па спецыяльнасці не атрымлівалася, і з даходу была толькі стыпендыя па вучобе. Але праз некаторы час узніклі праблемы з фінансаваннем праграмы, дзе навучаецца нашая гераіня. Стыпендыю затрымліваюць ужо 3 месяцы і пакуль не могуць вырашыць гэтую праблему.
Сітуацыя для Паліны стала вельмі нечаканай, і на абавязковыя выплаты па арэндзе жытла дзяўчына вымушана была пазычаць. Акрамя гэтага яна распачала раней працу з псіхатэрапеўтам, разлічваючы на рэгулярнасць стыпендыі. Зараз без грошай працягваць спатканні са спецыялістам немагчыма, але курс заняткаў яшчэ не скончаны.
У вымушанай эміграцыі страта фінансаў – гэта вельмі цяжкое выпрабаванне, бо ты тут адзін, сярод такіх жа эмігрантаў, без падтрымкі родных і сяброў. Але сапраўды амаль кожны эмігрант прайшоўшы праз свае пакуты, разумее як цяжка змагацца аднаму, і якая мы моц, калі збіраем патрошку ад кожнага!
Паліне зараз вельмі патрэбна вашая падтрымка!
Сума збору
€1400
€300 – пазыкі (за псіхатэрапеўтычную дапамогу і лекі)
€600 – аплата жытла (€120/месяц, за тры папярэдніх месяца аддаць пазыку, і на тры наступныя месяцы, пакуль не аднавіцца стыпендыя)
€500 – на працяг лячэння з тэрапеўтам і медыкаментамі (€50/спатканне)