«Чатыры гады ў калоніі, сто сутак у ШІЗА» — экс-палітзняволены просіць дапамогі

  • Гісторыя

У жніўні 2020 года Павел Лукаянаў абурыўся тым, як цынічна ўлада ашукала беларусаў. «Я проста выйшаў выказаць сваю нязгоду з тым, што адбываецца, – кажа Павел. – Я прымаў удзел у кампаніях па збору подпісаў і хадзіў на маршы на працягу двух месяцаў пасля выбараў».

Выйшла, што мужчына трапіў на відэа, якое здымалі сілавікі, і ў чэрвені 2021 года да Паўла прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

«Фармальнай нагодай стала праверка па арт. 339 КК РБ («хуліганства») у сувязі з эпізодам «разбітага вакна ў нейкага суддзі» па справе, дзе фігуравалі іншыя асобы, – дзеліцца беларус. – Гэта было проста падставай, каб мяне затрымаць».

Пасля затрымання мужчына правёў тры дні на Акрэсціна, потым яго справу перакваліфікавалі, выставілі абвінавачанне па ч. 2 арт. 293 КК РБ (удзел у масавых беспарадках) і змясцілі ў СІЗА. 1 кастрычніка 2021 года суд за дзень разгледзеў справу і прысудзіў Паўлу 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У далейшым яго этапавалі з турмы № 4 у ПК-2 (Бабруйск), а затым — у ПК-22.

«Суды, не суды… чатыры гады «вясёлых», скажам так, падзей. Рэпрэсій і рознага іншага, – узгадвае ён. – У ШІЗА каля ста сутак усяго правёў, былі абмежаванні на кантакты, як у многіх палітычных».

У сакавіку 2025 года, перад вызваленнем, суд прызначыў мужчыну два гады прэвентыўнага нагляду.

«Два гады – гэта паказчык: відаць, вырашылі, што я «занадта праблемны», не засвоіў «урокі» ў лагеры, – іранізуе Павел. – Фармальна тэрмін скончыўся, а па факце рэжым працягваецца, і кожны крок пад каўпаком. Бывала, прыходзілі па два разы за ноч».

Экс-палітзняволены спрабаваў уладкавацца на працу, але дзяржава ўзмоцнена «баранілася» ад работніка з рэпутацыяй «палітычнага».
«Тэлефанаваў на МТЗ наконт працы. Спачатку кажуць – прыходзьце, а калі чуюць, што сядзеў па «экстрэмісцкім» артыкуле, – адразу адмаўляюць».

Нагляд, пастаянныя візіты, вымусілі Паўла пакінуць Беларусь у канцы мая 2025 года. Спачатку Павел экстранна выехаў у Грузію, асцерагаючыся, што чарговы візіт сілавікоў скончыцца новым тэрмінам, потым апынуўся ў Польшчы. Цяпер у яго гуманітарная віза, выдадзеная на год.

«Па факце давялося стартаваць з нуля, – кажа Павел. – Польскай мовы я амаль не ведаю, але настроены сур'ёзна. Шукаю працу, але з ёй пакуль складана».

За час зняволення і пасля выхаду з калоніі ў Паўла назапасіліся медыцынскія праблемы, у першую чаргу стаматалагічныя: патрабуецца ўстаноўка чатырох імплантаў.

«Гэта істотныя грошы, сваіх няма, – кажа ён. – Мне важна ўстаць на ногі і спакойна проста працаваць і жыць. Цяпер я маю патрэбу ў самых базавых рэчах і буду ўдзячны за любую падтрымку».

Акрамя лячэння, патрэбны сродкі на арэнду і базавыя выдаткі на першы час у Польшчы (ежа, прадметы першай неабходнасці).

Сума збору
€2500

€1200 – жыллё на першы час
€500 – зімовае адзенне і прадметы першай неабходнасці
€800 – стаматалогія

Сабрана:
€ 28 з 2 500