«Я, Пацко Аляксей Васільевіч, былы суддзя суда Пінскага раёна і горада Пінска.
Мая гісторыя пачалася ў нядзелю 9 жніўня 2020 года, г.зн. у дзень выбараў, я знаходзіўся на сваім працоўным месцы ў судзе Пінскага раёна і горада Пінска. Кіраўніцтва Брэсцкага абласнога суда палічыла, што ў судзе павінен быць суддзя. Таксама ў судзе быў в.а. старшыні суда і яго намеснік. Згодна з графікам разгляду адміністрацыйных спраў, 10 жніўня быў днём, калі я павінен быў разглядаць усе адміністрацыйныя матэрыялы, якія паступілі на гэтую дату.
Недзе бліжэй да абеду мяне паклікаў да сябе в.а. старшыні і паведаміў, што супрацоўнікі міліцыі прынеслі адмін. матэрыялы на затрыманых 8 жніўня людзей, якія на думку міліцыі маглі патэнцыйна стварыць праблемы ў дзень выбараў.
В.а. старшыні паведаміў мне, што я павінен буду раніцай 10 жніўня разгледзець названыя справы і даць усім па 15 сутак, таксама ён у мяне пытаўся ці ёсць у названых матэрыялах якія-небудзь недахопы, якія могуць паслужыць падставай для іх вяртання ў міліцыю, каб апошнія, у у выпадку чаго, маглі іх выправіць.
Праглядзеўшы матэрыялы, якія былі складзеныя па розных артыкулах КаАП, я зразумеў, што пераслед асоб, на якіх былі складзеныя пратаколы, абсалютна палітычна матываваны і прапанаваны спосаб іх разгляду нічога агульнага з правасуддзем не мае.
Падчас размовы, я паведаміў в.а. старшыні, што дадзеныя матэрыялы разглядаць не буду ў прапанаваным мне ключы, а менавіта выпісваць суткі фактычна без правядзення разгляду.
Ён мне прапанаваў падумаць і не гарачыцца. Даўшы час падумаць да раніцы наступнага дня. Раніцай наступнага дня я паўтарыў яму ўсё тое самае. І ў гэты ж дзень нехта з маіх калег, разгледзеўшы названыя адміністрацыйныя матэрыялы, выпісаў усім па 15 сутак.
Пры гэтым на раніцу наступнага дня ўсім стала вядома пра начныя падзеі, якія зараз называюцца „Пінская бойня”. Праўда, інфармацыя была вельмі супярэчлівай і толкам было нічога не зразумела. Адно было зразумела: што ў ІЧУ знаходзілася каля 80 затрыманых і з імі трэба было нешта рабіць.
Цягам 10-11 жніўня туды дадаліся яшчэ затрыманыя, бо ў горадзе супрацоўнікамі міліцыі праводзілася спецаперацыя.
12 жніўня мне яшчэ раз прапанавалі паўдзельнічаць у разглядзе адміністратыўных справаў у адносінах да затрыманых, і я чарговы раз адмовіўся.
У гэты перыяд з 10 па 12 жніўня в.а. старшыні і нам. старшыні неаднаразова спрабавалі мяне пераканаць у правільнасці дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і неабходнасці асуджэння грамадзян, затрыманых пад Пінскім выканкамам, да адміністрацыйнага арышту. Падчас перакананняў неаднаразова намякалі на магчымыя наступствы як для мяне асабіста, маёй сям'і так і для іх. Таксама мне казалі, што я магу адмовіцца ад удзелу ў асуджэнні, але ў мэтах бяспекі павінен пра гэта маўчаць і нічога нідзе не казаць.
На ўсе гэтыя размовы я ім паведаміў, што я не трымаюся за пасаду і гатовы сысці з працы ў любы момант, але ўдзельнічаць у разглядзе адміністрацыйных справаў і ў незаконным асуджэнні грамадзян я не маю намеру. На працягу 12-13 жніўня 2020 года тры мае калегі пад кіраўніцтвам в.а. старшыні суда ў канвеерным рэжыме разгледзелі ўсіх затрыманых і ў пераважнай большасці далі людзям адміністрацыйныя арышты. Пасля гэтага мяне цалкам ізалявалі ад палітычных справаў і ўсёй інфармацыі па іх. Я разглядаў бытавыя канфлікты і нязначныя крымінальныя справы.
У кастрычніку 2020 года я быў вызвалены з пасады, пасля чаго даў інтэрв'ю беларускім СМІ.
Пасля гэтага кіраўніцтва вельмі пакрыўдзілася.
І ўсе магчымасці далейшага працаўладкавання былі для мяне зачыненыя.
Я звяртаўся ў розныя арганізацыі і ўсюды мне паведамлялі, што месцаў няма, але ў прыватных размовах казалі, што гэта звязана з маёй пазіцыяй.
Знаёмыя мне паведамілі, што ёсць вуснае распараджэнне з Брэста, мяне на працу не браць.
Пасля звальнення я займаўся прававой дапамогай людзям, якіх пераследавалі па палітычных матывах, пісаў скаргі, дапамагаў ім знайсці адваката, даваў парады, як паводзіць сябе ў судзе. У гэтым мне таксама дапамагала мая маці. За гэты пэрыяд мы дапамагалі актывістам, журналістам і простым грамадзянам.
У сілу адсутнасці іншых варыянтаў, вырашылі стаць памочнікам адваката ў сваёй маці. З першых лікаў траўня я афіцыйна працаўладкаваўся да маці памагатым. Літаральна праз некалькі дзён пасля афіцыйнага працаўладкавання да нас дашлі з падатковай з праверкай. Мне пачалі ставіцца ў віну незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і ўхіленне ад аплаты падаткаў.
У траўні 2021 года супрацоўнікі ІМПЗ пачалі ездзіць па працах маіх знаёмых і пытацца, калі і якую прававую ці іншую дапамогу я ім аказваў, на што апошнія нічога ім не сказалі і на наступны дзень іх выклікалі ў КДБ. Дзе пераканалі шляхам пагроз даць супраць мяне патрэбныя ім паказанні, якія ў далейшым адабралі супрацоўнікі ІМПЗ. У гэты ж час мае добразычліўцы паведамілі мне, што па месцы працы ў судзе канфіскоўвалі крымінальныя справы, якія я раней разглядаў.
Зразумеўшы куды ўсё гэта ідзе, я экстрана з'ехаў у Кіеў.
Праз некалькі дзён пасля майго ад'езду ў маіх кватэрах у Пінску і ў офісе маці прайшлі ператрусы, падчас якіх канфіскавалі ўсю тэхніку. Ператрусы праходзілі ў рамках узбуджанай у адносінах да мяне крымінальнай справы.
Пасля канфіскацыі тэхнікі маю маці прымусова даставілі ў пракуратуру, дзе яе дапыталі. Допыт доўжыўся каля 5-6 гадзін і дапытваў яе нам. пракурора Барчука. Найперш яго цікавіла пытанне, дзе я і калі з'ехаў. Пытаўся таксама пра маю прафесійную дзейнасць. Літаральна на наступны дзень яе папярэдзілі, што на яе пачалі крымінальную справу. Пасля чаго маці была вымушана ў спешным парадку пакінуць РБ. У далейшым я вывез з РБ усю сваю сям'ю: жонку і траіх дзяцей.
Аднак супрацоўнікі міліцыі і пракуроры не пакінулі астатніх маіх сваякоў у спакоі. Прыходзяць да іх дадому і на працу, выклікаюць на гутаркі ў ГАУС, праводзяць па іх месцы жыхарства ператрусы, забіраюць іх тэхніку.
Мы не рыхтаваліся да ад'езду — ён быў экстраным, таму мы з'яжджалі літаральна ў чым былі апранутыя.
Нашай сям'і, якая складаецца з 3 дарослых і 3 дзяцей, трэба пачаць жыццё нанова ў новай краіне. »
Якая сума неабходна?
5 000 €— На 6 месяцаў:
— На арэнду жылля і камунальныя плацяжы- 2000;
— Набыццё мабільных тэлефонаў і ноўтбука для працы — 1000;
— На харчаванне сям'і — 1000;
-на зборы дзяцей да школы, набыццё адзення, абутку і купля медыкаментаў -1000.