Так здарылася, што я – мама-адзіночка траіх сыноў. Старэйшы сын Іван, 20.01.2004 года нараджэння, апынуўшыся 10.08.2020 г. у цэнтры горада, паплаціўся свабодай тэрмінам на 3 гады выхаваўчай калоніі. Іван быў узяты пад варту ў зале суда ў дзень прысуду — 12.07.2021 года. У гэты ж дзень мая маці перажыла шырокі інфаркт, але ўвайшла ў гісторыю тых, хто выжыў. Гэтыя два чалавекі, мама і сын, былі маімі надзейнымі памагатымі і апорай у жыцці. І вось сёння яны самі маюць патрэбу ў мне.
26.07.2021г. я першы раз патрапіла на спатканне да сына. Гэта быў адзін з самых шчаслівых дзён майго жыцця — я ўбачыла сына. Пасля спаткання я прыехала да сваіх бацькоў і расказала, які ён малайчына, трымаецца, аптымістычна настроены і кажа мне, што ўсё будзе добра. Пасля майго прыезду і аповеду, раніцай 29.07.2021 г. памірае мой тата. Тады я адчула, як хутка пачынаю губляць сваіх блізкіх: сына забралі, мама здалася фізічна, тата зусім «сышоў». Я з'язджала з глузду. Толькі дзякуючы сваім маленькім дзеткам (сын 8 гадоў і сын 1 год), такім мамам, як я, аб'яднаным адной бядой, і многім людзям, неабыякавым да маёй сітуацыі, я жыву, трымаюся і нават набыла веру ў сэрца. Цяпер маме лепш. Цяпер я яе апора. Янка этапаваны ў ВК2 г. Бабруйска. У мяне было з ім ужо 2 працяглыя спатканні, дзе я магла яго абняць і разумець, якая я шчаслівая. Сын у ВК паводзіць сябе вельмі годна, ён былы прафесійны хакеіст, таму і там займаецца хакеем, запісаны ў секцыі футбола і настольнага тэніса, ходзіць на розныя лекцыі і працуе на цікавай працы, ў цяпле і добрай брыгадзе… Толькі гэтыя моманты ў калоніі ратуюць яго ад прыгнёту і цяжкіх сцен. Толькі так ён можа адцягваць увагу і час мінае для яго хутчэй. Ён вельмі хоча і верыць, што хутка ўсё скончыцца.
Жывём мы на дзіцячую дапамогу, аліменты не атрымліваю. Перадачы сыну магу сабраць толькі з дапамогай людзей, бо гэта вельмі дорага. Частку дзіцячай дапамогі я заўсёды кладу на рахунак Вані. Да таго ж у нас крэдыт на кватэру, але маці з пенсіі дапамагае.
Я шчыра, схіляючыся ніцма зямлі, ад сябе асабіста і ад імя маіх дзяцей, дзякую за спагадлівасць усім тым, хто можа мне дапамагчы, з чыёй дапамогай я змагу прыехаць да Вані на сустрэчу не з пустымі рукамі. 30 траўня спатканне падпісалі на мяне і сярэдняга сына, а я яшчэ зусім не гатовая. Удзячная ўсім, хто дапаможа маім дзецям і маральна, і матэрыяльна. Без вас я шмат не адолела сама.
Я кажу вам ВЯЛІЗНЫ ДЗЯКУЙ. МЫ РАЗАМ, МЫ МОЖАМ, МЫ ПАРАМОЖАМ.
Спадзяюся, ўсё зменіцца, і я таксама мару дапамагаць людзям. А пакуль толькі дапамагаю двум дзіцячым дамам рэчамі, якія ўжо малыя для маіх дзяцей. І я сапраўды прыму любую дапамогу, і не адмоўлюся ні ад чаго.
Якая сума неабходна?
1030 € – сродкі для грашовых пераводаў у ВК2 сыну, для паездкі на працяглае спатканне, для вяртання пазык, для набыцця і збору перадачы да 50 кг; аплата натарыуса і выдача даверанасці ад сына.