Фінансавая дапамога сям'і Аўчыньнікавых, з’ехаўшых праз палітычны пераслед, каб уладкавацца на новым месцы

  • Гісторыя

Вітаю, шаноўныя сябры! Мяне завуць Ганна. 

Дапамагаць палітвязням я пачала яшчэ ў 2020 годзе. Я ўвогуле валянцёр па прыродзе –  да нараджэння дзіцяці падбірала бяздомных катоў, прыводзіла ў парадак і шукала ім новыя сем'і. Я моцна адчуваю чужы боль, фізічны і маральны, вельмі шкадую тых, хто церпіць. Перадачы, бандэролі, тэлеграмы і лісты – гэта асноўнае, чым я займалася. Да 2024 года мы с мужам ужо амаль напамяць ведалі правілы перадач у розныя СІЗА і калоніі. Пра велізарнае значэнне нават сімвалічных бандэролек, а таксама лістоў, нам расказвалі тыя, хто выходзіў на волю. Пра маё ліставанне з палітвязьнямі калісьці быў артыкул на Белсаце (там я фігурую пад іменем Марыя). Я адправіла вельмі шмат лістоў – у мяне каля тысячы адказаў ад палітзьняволеных. З некаторымі былымі палітвязьнямі мы добра сябруем. 

23 студзеня 2024 года я трапіла пад рэйд сілавікоў сярод іншых валанцёраў, якія падтрымлівалі палітвязняў па ўсёй краіне. На мяне завялі крымінальную справу па артыкуле 361-4 (арт. 361-4 КК РБ – садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), таму што ў справе фігуравалі пасылкі людзям, якія ўнесеныя ў спіс «экстрэмістаў». Законам не было забаронена адпраўляць перадачы і пісаць лісты ў турмы, таму я рабіла гэта ад свайго імя і не чакала затрымання менавіта з гэтай нагоды. Але мяне абвінавацілі ў тым, што я дапамагала «ворагам дзяржавы».

У нас арыштавалі лядоўню, тэлевізар, забралі банкаўскія карткі і заблякавалі рахункі, канфіскавалі ноўтбук і мой тэлефон, забралі пашпарт і не вярнулі.

У дзень, калі мяне затрымалі, адбыўся вобшук у кватэры, адзін з кдбшнікаў прыехаў пазьней пад ноч да мужа на размову, калі той клаў сына спаць, а назаўтра адбыўся другі вобшук.

Трое содняў я прасядзела на Акрэсьціна, дзе былі створаны невыносныя ўмовы: нас трымалі без абутку, без верхняй вопраткі, пры тым у камеры было вельмі холадна, мы грэліся праз бутэльку з цёплай вадой і праз абдымкі. Там у камеры я сустрэлася з маці Вольгі Такарчук, яна падарыла мне свае шкарпэткі. Сказала, што гэта падарунак ад Вольгі (калісьці Вользе я дасылала пасылку). Тады гэтыя шкарпэткі былі ратаваннем для мяне. Па калідорах нас вадзілі без абутку. У пяцімясцовай камеры было ад 9 да 11 чалавек, на суткі нам давалі метр туалетнай паперы, мы дзялілі яе, як маглі. Хавалі хлеб у закутках для тых, каго прыводзілі позна. Нас трымалі пасля паездак у РАУСы ў «стаканах» па 4 чалавекі, амаль цэлую ноч без абутку. У гэтыя дні мы не атрымлівалі абеду і вячэры, бо нас прывозілі позна. 

Адвакаты адмаўляліся абараняць мяне, матывуючы адказ цяжкім артыкулам. Мяне адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, крымінальную справу не закрылі і пазначылі, што пашпарт аддадуць тады, калі цэнтральны апарат Следчага камітэта прыме рашэнне адносна мяне. 

Да майго затрымання мы не збіраліся з'язджаць з краіны. У лістападзе 2023 года ўсёй сям’ёй пераехалі ў новую кватэру і нават не паспелі яе абжыць. Але пасля таго, як я выйшла, я глядзела на свайго сына і разумела, што магу пабачыць яго толькі праз 7 гадоў, калі мяне зноў арыштуюць. Гэта былі невыносна! 

Мы пачалі рыхтавацца да пераезду праз тыдзень пасля таго, як я вярнулася. Маральна пераезд нам даўся вельмі цяжка, бо мы страцілі ўсё, што мелі. Праз тое, што мой пашпарт і зараз у Следчым камітэце, мне прыйшлося пераходзіць мяжу нелегальна і падавацца на міжнародную ахову адразу на мяжы. Нас часова пасялілі ў сябе нашыя сябры.

Аднак у нас няма аніякай фінансавай падушкі, пакуль няма ні працы, ні сталай арэнды жытла, нічога. Мы ў вялікай разгубленасці і дужа спадзяёмся на вашую падтрымку, дарагія беларусы! Мы ведаем, што шмат хто з вас прайшоў такі шлях да свабоды і вы з паразуменнем паставіцеся да нашай просьбы!

Сумма сбора 

€3600 

Нам патрэбна фінансавая дапамога на элементарныя рэчы на перыяд, пакуль у мужа не атрымаецца працаўладкавацца. Мы вельмі прыкладна разумеем мясцовыя кошты на ўладкаванне жыцця, каб падлічыць суму збора. Але будзем удзячныя вам за кожны еўра!
– арэнда кватэры на тры месяцы (каля €600 за месяц = €1800)
– аплата сувязі, камунальных паслуг, інтэрнэта (€500)
– дзіцячы абутак і вопратка, уладкаванне сына ў садок і яго месца для заняткаў дома (€500)
– прадукты харчавання, розныя гаспадарчыя і побытавыя рэчы (€800)

:
€ 3 646
Збор завершаны. Сабрана: € 3 646