У 2020 годзе Вольга Студнёва актыўна ўдзельнічала ў валантэрскім руху ў Беларусі – шукала юрыстаў і прадукты для пацярпелых, суправаджала эвакуацыю, верыфікавала і каардынавала дзясяткі гісторый дапамогі. У лістападзе 2020 года яна сама апынулася пад пагрозай арышту і была вымушана тэрмінова з'ехаць у Літву.
Да 9 жніўня 2020 года Вольга была апалітычнай. Усё змянілася за некалькі дзён.
«Я пачынала дыстанцыйна, баялася выходзіць, – успамінае Вольга. – Рабіла ўсё, што магла анлайн: шукала прадукты, юрыстаў, а з 15 жніўня сама ўпершыню выйшла на акцыю».
Жанчына знайшла сябе ў дапамозе пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў і хутка ўцягнулася ў валантэрскі рух: збірала гісторыі, выяўляла фейкавыя звароты, забяспечвала прадуктовую і псіхалагічную дапамогу, каардынавала зваротную сувязь.
«Даводзілася нават кансультаваць па выездзе з Беларусі, – распавядае актывістка. – Я суправаджала людзей да мяжы, брала адказнасць у крытычныя моманты. Дапамагала звольненым артыстам, працавала ў рэгіёнах, асабліва ў Магілёве».
Актыўнасць прыцягнула ўвагу сілавікоў, і ў лістападзе 2020 года Вользе паведамілі, што з дня на дзень па яе прыйдуць. У той момант яна арганізоўвала калідор для эвакуацыі магілёўскай актывісткі з дзецьмі – і вырашыла з'язджаць разам з імі. Пасля перасячэння мяжы яна часова апекавала дзяцей і дапамагла з афармленнем дакументаў, але сама засталася адна — у новай краіне, без статусу, з разбітымі нервамі і цяжкім выгараннем.
«У канцы 2020 года ў Літве пачаўся лакдаўн праз пандэмію, але я працягнула валантэрскую дзейнасць: адсправаздачылася больш чым за 200 рэалізаваных праектаў дапамогі, курыравала эвакуацыю, пісала заяўкі, дапамагала з бытавымі і інфармацыйнымі пытаннямі тым, хто звяртаўся», – удакладняе актывістка.
Каб хутчэй адаптавацца і атрымаць прафесію, беларуска паступіла ў каледж. Вяла Instagram для абітурыентаў, дамаглася падачы спісаў беларускіх студэнтаў на гранты, дзякуючы чаму яны атрымалі бясплатнае навучанне. Дапамагала ім з адаптацыяй, зносінамі з адміністрацыяй і вырашэннем навучальных пытанняў.
Пасля вучобы пераехала ў Клайпеду і ўладкавалася на вытворчасць. Але праз канфлікт з працадаўцам фактычна апынулася ў «чорным спісе».
Да нядаўняга часу заставацца на паверхні дапамагаў фрыланс, але праз нестабільнасць даходаў і праблем са здароўем рэсурсы скончыліся. Апошнія зберажэнні сышлі, і жанчына аказалася ў фінансавай яме.
«Я заўсёды адказна падыходжу да працы, усё раблю хутка і сумленна. Магчыма, праз маю прамалінейнасць і дасціпнасць у мяне бываюць канфлікты з працадаўцамі, але я перакананая, што сумленная праца і адказнасць не мусяць быць падставай для цкавання і ігнаравання», – кажа Вольга.
Цяпер яна пераязджае ў іншы горад у надзеі знайсці працу. Просіць дапамогі, каб аднавіцца, зноў устаць на ногі і вярнуцца да праваабарончай дзейнасці. Беларуска разлічвае на салідарнасць і спадзяецца, што яе не пакінуць у цяжкай сітуацыі.
Сума збору
€3000
€1000 – арэнда жылля;
€1500 – стаматалагічныя і неўралагічныя паслугі;
€200 – харчаванне і бытавыя выдаткі;
€300 – вяртанне пазыкі.