Да 2020 года ў Вольгі было звычайнае жыццё: муж, хата і праца. Беларуска верыла ў справядлівасць і не прамаўчала, калі ўбачыла, як жорстка ўлада абыходзіцца з нязгоднымі.
«Я пісала каментары, дзялілася сваімі эмоцыямі. Тады здавалася, што гэта ўсё, што я магу зрабіць, каб не згарэць ад абурэння, – успамінае Вольга. – У сакавіку 2022 года да мяне прыйшлі з ператрусам. Забралі ўсё: тэхніку, тэлефоны, грошы. Потым былі суткі на Акрэсціна, затым Валадарка, Жодзінскі ІЧУ, Гомельскі следчы ізалятар. Суд па трох артыкулах КК і тры гады ў Гомельскай ПК-4. За словы».
Пяць сутак у штрафным ізалятары зімой, пры +15 без цёплай вопраткі, сну і медыцынскай дапамогі, пакінулі жанчыне болі ў назе, запаленне сустава і сядалішчнага нерва.
«За тры гады я ні разу не была ў стаматолага. Цяпер трэба аднаўляць зубы», – з засмучэннем гаворыць беларуска.
Вольгу вызвалілі ў кастрычніку 2024 года, але застаўся нагляд: нельга выязджаць, выходзіць з дому ноччу, трэба кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі.
«Праз два тыдні зноў пагрукалі ў дзверы двое з пасведчаннямі КДБ, – узгадвае Вольга. – Зноў ператрус, запалохванні, гвалт электрашокерам».
Калі ім з мужам загадалі збірацца з імі, Вольга, навучаная вопытам, папрасіла мужа надзець як мага больш цёплай вопраткі. Тады абышлося без арышту, але допыт з ужываннем электрашокера і пагрозамі пацвердзіў галоўнае: у спакоі не пакінуць. Так яны вырашылі тэрмінова з'язджаць з Беларусі.
Цяпер яны ў Літве: атрымалі гуманітарны ВНЖ, усё пачалі з нуля: без рэсурсаў і з падарваным здароўем.
«Узрост за 55 гадоў не дае нам тых магчымасцяў у пошуку працы, што ёсць у маладзейшых людзей, – падкрэслівае Вольга. — Але ў мяне ёсць тое, што я ўмею і люблю: ужо шмат гадоў я раблю свечкі з соевага воску і мыла ручной працы».
Для жанчыны хобі стала заробкам, спосабам адчуваць сябе жывой. Цяпер яна марыць ізноў заняцца любімай справай, якая дапаможа ім з мужам устаць на ногі. Трэба закупіць мінімальнае абсталяванне і матэрыялы. Галоўнае – ноўтбук для працы: каб дэманстраваць вырабы, мець зносіны з кліентамі і весці старонку ў сацсетках.
Таксама муж і жонка маюць патрэбу ў лячэнні хранічных боляў у суставах, міжпазваночнай грыжы, сардэчна-сасудзістых парушэнняў і іншых наступстваў зняволення і стрэсу.
«Прасіць цяжка, асабліва, калі ўсё жыццё нікога не прасіў. Але зараз у мяне ёсць сапраўдны давер да міру. Мы з мужам разлічваем на вашую дапамогу не з жалю, а з салідарнасці. З жадання падтрымаць тых, хто трымаўся да апошняга, але зараз мае патрэбу ў вашым плячы, у працягнутай руцэ. Я хачу зноў працаваць рукамі, зарабляць сама, адчуваць, што магу. Нам трэба няшмат, каб зноў устаць на ногі».
Сума збору
€3000
€1000 – арэнда кватэры на 3 месяцы
€1000 – медыцынскія абследаванні пасля калоніі
€1000 – матэрыялы і абсталяванне для маёй справы