Мяне завуць Вольга Майхроўска, мне 45 гадоў. У снежні 2015 года патрапіла ў аварыю – і з тых часоў не магла хадзіць праз пералом хрыбетніка. Але я працягвала працаваць дыстанцыйна: адміністратаркай у начным клубе, мэнэджэркай па продажах.
У 2020 годзе я ўдзельнічала ў перадвыбарнай кампаніі, падтрымлівала Бабарыку. Вядома, у інвалідным вазку не змагла б далёка ўцячы, але я чалавек адчайны. Ішла проста таму, што ведала і адчувала, што гэта правільна. Хацела, каб былі змены ў лепшы бок, хацела ўбачыць вольную краіну.
Калі пратэсты заціхлі, мяне не чапалі. Але ў 2022 годзе я пачала заўважаць сачэнне за сабой. Напрыклад, стаў вельмі хутка разраджацца тэлефон, а калі камусьці тэлефанавала, чула на фоне чужыя галасы. Некалькі разоў на вуліцы заўважала, што за мной ідуць ці едуць на машыне незнаёмыя мужчыны. Абарочваюся – яны следам. Было вельмі боязна. Я жыла ў прыватным сектары, і ў нейкі момант пачала баяцца спаць: падавалася, сілавікі могуць выбіць вокны і залезці ў хату.
Але я заставалася жыць у Беларусі дзеля сына: ён вучыўся ў Наваградскім ліцэі, а пасля была адпрацоўка. Да таго ж не было зразумела, што буду рабіць за мяжой, каму я там патрэбная з інваліднасцю. Потым у 2024 годзе хлопцы з «Інклюзіўнага барысты» ў Варшаве сказалі, што гатовы ўзяць мяне да сябе на працу. Тады я вырашыла, што можна пераязджаць, каб больш не ўздрыгваць ад кожнага грукату ў дзверы.
Я пераехала ў Польшчу ў лютым 2024 года разам з сынам, калі ў яго скончылася размеркаванне. Адразу падалася на міжнародную абарону. Усё ішло добра, пакуль у кастрычніку я не захварэла на гнойную ангіну. Стан быў жудасны: тэмпература пад 40°C, на вуснах і ў роце з'яўляліся гнойныя язвы. У такім стане я правяла амаль паўтара месяца, за гэты час страціла каля 15 кг. У мяне выпалі ўсе валасы – лекар нават не ведаў, ці вырастуць яны зноў. Да гэтага часу ў шоку, што выжыла: тэмпература трымалася некалькі тыдняў, я не магла падняцца з ложка праз слабасць.
Так мінула амаль паўтара месяца. Потым мне стала лепш, і на шчасце, валасы паступова пачалі адрастаць. Мяне вельмі падтрымалі сябры і сын.
Але на фоне хваробы ў мяне абвастрылася анемія, і паказнікі жалеза ў крыві да гэтага часу ўдвая меншыя за норму. Яшчэ ўтварыўся пролежань (простымі словамі гэта змярцвенне ці некроз тканіны) ягадзічнай цягліцы. Гэта частая праблема людзей у інвалідным вазку. Але пакуль са здароўем усё было ў парадку, я старалася рухацца, як магла, і ўсё было добра. А так як з ангінай ледзь магла ўставаць, увогуле было не да актыўнасці. У выніку некроз дайшоў да косткі. Баліць не так моцна, як магло б: у мяне парушана адчувальнасць праз траўму. Калі баліць мацней – магу выпіць абязбольвальныя лекі.
Нягледзячы на гэта, цяпер маральна адчуваю сябе нашмат лепш, чым калі ляжала з ангінай. У той момант страціла надзею настолькі, што думала аб эўтаназіі. Але цяпер сітуацыя адрозніваецца: хаця ўсё і сур'ёзна, але зразумела, як выправіць.
Для таго, каб пазбавіцца ад пролежня, мне патрэбняа аперацыя, прычым як мага хутчэй. Лекары выражуць змярцвелую частку цягліцы і як бы нацягнуць на яе месца здаровую. Пасля ўзнаўлення вельмі высокія шанцы, што не будзе рэцыдыву. На шчасце, аперацыю мне аплацяць з бюджэта. Але перад хірургічным умяшаннем трэба аднавіць узровень жалеза ў крыві. Для гэтага важна хутка разабрацца, чаму арганізм адмаўляецца яго ўспрымаць. Праз тое, што не паспела афіцыйна працаўладкавацца і не плаціла падаткі да атрымання дазволу на жыхарства, даводзіцца самой плаціць за прыёмы ў лекара і ўсе працэдуры.
Да таго ж пасля аперацыі я не змагу перасоўвацца месяц ці два. Значыць, працаваць барыстай таксама не атрымаецца. Але трэба будзе аплаціць кватэру ў Варшаве, у якой жывем мы разам з сынам.
Мне не хочацца прасіць зашмат, бо дапамога цяпер патрэбная шмат каму. Але я загадзя дзякую вам за любую падтрымку.
Сума збору
€3800
€2000 – прыёмы ў лекара, гастра- і калонаскапія;
€1800 – аплата кватэры на два месяцы, пакуль не змагу працаваць.