«Мая мэта простая: хутчэй пачаць самому сябе забяспечваць пасля пяці гадоў у турме»

  • Гісторыя

У васемнаццаць гадоў Алег удзельнічаў у пратэстах у Пінску і правёў у турме больш за пяць гадоў, з іх два гады ў ізалятары. У снежні 2025 года беларуса прымусова дэпартавалі, зараз ён пачынае жыццё ў эміграцыі, просіць аб падтрымцы, каб прайсці навучанне і зарабляць на жыццё.

Мяне завуць Алег Рубец, я з Пінска. У 2020 годзе мне было 18 гадоў, і я ўдзельнічаў у мірных пратэстах. АМАПаўцы мяне затрымалі, моцна збілі і пазней прысудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі па справе аб масавых беспарадках. Потым мне дадалі яшчэ паўтара года па артыкуле 411 КК РБ – за «злоснае непадпарадкаванне». За пяць гадоў у турме я змяніў некалькі месцаў зняволення: Наваполацк, жодзінская турма, Ваўкавыск. Два гады за гэты час правёў у ізалятарах.

У снежні 2025 года мяне разам з іншымі палітзняволенымі прымусова вывезлі з Беларусі. У мяне не было рэальнага выбару, куды ехаць і як пачынаць жыццё. У Польшчы падаўся на міжнародную абарону, нядаўна атрымаў легальны статус і права працаваць. Зараз я пачынаю жыццё ў Польшчы адзін і з чыстага аркуша: няма ашчаджэнняў, нармальнай працы, сям’і побач, бо бацькі засталіся ў Беларусі.

Жыллё мне аплацілі на два месяцы, а зараз мне трэба будзе самому яго аплачваць, знаходзіць для гэтага сродкі. Пакуль у мяне не атрымалася ўладкавацца на нармальную працу. Да гэтага, як і шмат хто, працаваў на будоўлі, неафіцыйна. Плацяць мала, праца цяжкая, дзень займае цалкам. Раніцай выйшаў, вярнуўся а дзесятай вечара – і гэта за 25 злотых за гадзіну.

Каб сам мог сябе забяспечваць, хачу здаць на катэгорыю CE і атрымаць код 95, каб працаваць дальнабойшчыкам. У мяне C-катэгорыя ўжо адкрытая. Патрэбная толькі E – прыцэп, каб працаваць на фуры, а код 95 – для працы кіроўцам у ЕС. Ведаю, што праца цяжкая, але гэта рэальная магчымасць зарабляць, жыць самастойна і больш не прасіць дапамогі. Для мяне гэта зараз найбольш зразумелы шлях: закрываць свае патрэбы самому.

Паралельна вучыцца і працаваць я не магу. Не знайду тут такую працу, каб гэта спалучаць. Зараз я часова іду працаваць кіроўцам па катэгорыі B, на бус. Гэта дасць хоць нейкі даход, але не вырашае пытанне цалкам, і трэба хоць неяк закрыць пытанне па аплаце жылля, пакуль я вучуся.

Я не прашу грошы проста «на жыццё». Дапамажыце з аплатай навучання і жылля, пакуль я праходжу курсы і ўладкоўваюся на працу. Калі я зараз атрымаю катэгорыю CE і код 95, у мяне з’явіцца рэальная прафесія і нармальны старт у Польшчы. Мая мэта простая: пачаць самастойнае жыццё ў Польшчы, працаваць і больш не прасіць дапамогі.

Сума збору
€2500

€1500 – прафесійнае вадзіцельскае навучанне: катэгорыя СЕ, код 95, медыцынская камісія і звязаныя з гэтым выдаткі
€750 – жыллё на перыяд навучання і выхаду на працу
€250 – бытавыя выдаткі

Сабрана:
€ 0 з 2 500