Мікалай Галаўкоў працаваў у Менску інжынерам па тэлекамунікацыях. Увосені 2021 года яго затрымала КДБ па «справе Зэльцэра». Мужчыну скаралі на тры гады зняволення ў калоніі, якія ён цалкам адбыў.
«Перад этапаваннем у калонію 14 месяцаў я правёў у следчым ізалятары, – узгадвае Мікалай. – Разам з іншымі арыштаванымі па гэтай справе ў Жодзінскім СІЗА на працягу 45 сутак мы падвяргаліся катаванням, якія паўтарыліся ў жніўні 2022 года. Тады, на працягу месяца падчас судовых паседжанняў, я знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання без вады, свежага паветра і магчымасці карыстацца прыбіральняй, бо ў камеры не было».
Падчас зняволення ў Мікалая з'явілася захворванне вачэй. Хвароба развілася праз доўгі час, праведзены ў СІЗА, дзе дагэтуль выкарыстоўваюць газаразрадныя лямпы. Праз іх у многіх людзей баляць вочы і псуецца зрок. «Калі мяне перавезлі ў калонію, усвядоміў, што зрок моцна пагоршыўся» – распавядае Мікалай.
Пасля вызвалення на мужчыну наклалі шмат абмежаванняў, у тым ліку і забарону выязджаць за мяжу. Здымаць іх давялося ў судовым парадку. Праз нявызначанасць і адсутнасць бяспекі, у верасні мінулага года ён змог эвакуавацца ў Польшчу, дзе пачаў уладкоўваць жыццё нанова. Ужо ў эміграцыі мужчыну зрабілі аперацыю на адным воку, цяпер ён праходзіць этап аднаўлення.
Па словах Мікалая, у дадзены момант ён можа толькі часам падзарабляць, але не працаваць афіцыйна, бо падаў заяву на атрыманне Міжнароднай абароны, што абцяжарвае ягонае становішча з працаўладкаваннем.
«Лекар забараніў мне падымаць цяжары больш за 5 кілаграм, а мая падпрацоўка звязана з узняццем і пераноскай цяжкіх прадметаў, – дзеліцца ён. – Таму некаторы час я фактычна знаходжуся на лекарскім звальненні па аднаўленні і не магу працаваць».
Сабраныя сродкі пакрыюць выдаткі на пасляаперацыйнае аднаўленне, аплату арэнды жылля, а таксама набыццё прадуктаў і сродкаў першай неабходнасці на час акрыяння і чакання рашэння па дакументах.
«Таксама я планую пачаць працэс сертыфікацыі і пацвярджэння сваёй прафесіі інжынера па тэлекамунікацыях у Польшчы», – удакладніў Мікалай.
Былы палітвязень будзе ўдзячны любой аказанай дапамозе: «Я пераехаў у іншую краіну і пачаў жыцці з нуля. Але настроены на лепшае, бо тут мне нашмат спакайней».
Сума збору
€3000
€1200 – арэнда кватэры на 2 месяцы
€1000 – сертыфікацыя і пацвярджэнне прафесіі
€800 – прадукты і прадметы першай неабходнасці