Палітыка асудзілі двойчы, другі раз – на 2,5 гады па «народным» 342 артыкуле КК РБ. Ён выйшаў на волю ў ліпені 2024-га і гэтай восенню выехаў з Беларусі праз пагрозы арышту.
Прывітанне! На сувязі каманда збораў BYSOL. Сёння мы хочам расказаць вам гісторыю Мікалая Казлова, які звярнуўся да нас па дапамогу.
Мікалай Казлоў – кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Яшчэ ў 2008 годзе ён сышоў са службы ў крымінальным вышуку (прапрацаваўшы там 17 гадоў) і ўступіў у АГП. А ў 2018-м стаў яе старшынёй. У 2020 годзе палітык стаў даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. За гэта яго двойчы саджалі – у 2021 і 2022 гадах. Другі раз прыгаварылі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі. Амаль увесь тэрмін ён правёў у ізаляцыі без сувязі са знешнім светам, без перадач, без медыцынскай дапамогі і без элементарных умоў.
Пасля вызвалення амаль год заставаўся ў Беларусі, спадзеючыся на спакойнае жыццё. Але пастаяннае назіранне і пагроза новага арышту прымусілі Мікалая з'ехаць. Цяпер ён знаходзіцца ў Бельгіі, дзе запытаў абарону. Колькі часу будзе доўжыцца працэдура, невядома. Але ўвесь гэты час у Казлова не будзе ні магчымасці працаваць, ні фінансавай падтрымкі. Для Мікалая гэта даволі крытычна. Два гады ў турме моцна сапсавалі здароўе: у мужчыны ярка выяўленая арытмія, гіпертанія, хранічная бессань. За час у зняволенні пагоршыўся зрок і слых. Але самая цяжкая праблема – зубы. У калоніі ён страціў іх амаль усё, і зараз не можа нармальна есці, гаварыць і ўсміхацца. Каб зрабіць пратэзы, палітык звярнуўся ў розныя ініцыятывы па падтрымку.
Але дапамога з імплантамі – гэта яшчэ не ўсё. Трэба вырашыць і іншыя праблемы са здароўем. Усё ўскладняецца тым, што зараз Мікалай пачынае жыццё з нуля. Ахвяраванні дапамогуць аплаціць базавыя расходы на жыллё і харчаванне, а таксама лекі.
– Пасля вызвалення я амаль год заставаўся ў Беларусі, не хацеў з'язджаць – гэта мая краіна, – кажа Мікалай. – Пакуль сядзеў, памерла мама. Не тое, што на пахаванне не адпусцілі – нават тэлеграму не перадалі, якую яна мне выслала напярэдадні сваёй смерці. Даведаўся ўжо пазней, пасля пахавання. Я не гатовы ім гэта дараваць. І краіну аддаць не гатовы. Так што планую прадоўжыць барацьбу. Але на першы час мне вельмі патрэбная падтрымка. Калі ў вас ёсць магчымасць, я быў бы вельмі ўдзячны за дапамогу.
Сума збору
€4000
€2500 – арэнда жылля на некалькі месяцаў
€1500 – бытавыя выдаткі, лекі і ежа
