Экс-палітзняволены ў эміграцыі просіць экстранай падтрымкі, каб скончыць навучанне і ўладкавацца на пастаянную працу.
Мяне завуць Мікіта Літвіненка, мне 26 гадоў. У 2020 годзе мяне затрымалі за ўдзел у пратэстах, адлічылі з апошняга курса эканамічнага ўніверсітэта, а затым пазбавілі волі. Спачатку далі чатыры гады, потым у калоніі дадалі яшчэ тэрмін па 411-м артыкуле. У карцэры я правёў восем месяцаў без перапынку, у адзіночнай камеры, і схуднеў на 30 кілаграмаў. Усяго за кратамі я правёў чатыры з паловай гады.
У сакавіку 2025 года я выйшаў з турмы, але ціск на мяне не скончыўся. Па начах, адразу з першага дня, сілавікі прыходзілі да мяне дадому як да сябе, а аператыўнік пастаянна казаў, што «будзем табе яшчэ раз 411-ы артыкул працягваць».
Я не стаў чакаць трох парушэнняў і ў красавіку «даў драпака» – з’ехаў у Літву. Зараз у мяне ёсць від на жыхарства і магчымасць працаваць.
Фармальна я ў бяспецы, але фактычна ўсё прыйшлося пачынаць нанова: жыллё, дакументы, праца, вучоба, звычайнае жыццё пасля турмы.
Зараз я дзённа вучуся на лячэбнага і спартыўнага масажыста пяць дзён на тыдзень. Увесь астатні час ідзе на працу. Але поўны дзень працаваць не атрымліваецца: вучоба ідзе з раніцы, а паўнавартасная праца якраз у гэты час. І так будзе да восені. Аплату за навучанне я стараюся знаходзіць сам — праз працу, стыпендыі, адукацыйныя праграмы і іншыя магчымасці.
У турме і асабліва ў карцыры я трымаўся за адну думку: калі-небудзь выйду і пачну нанова.
Крута, што я на волі. Я хачу сам будаваць сваё жыццё, але, каб далей развівацца і жыць, мне трэба скончыць навучанне, атрымаць прафесію і працаваць.
Мне вельмі патрэбна ваша падтрымка, каб пратрымацца да канца навучання і не сарвацца на гэтым этапе. Калі я не скончу курс, нармальнага старту ў новай краіне проста не атрымаецца. Без прафесіі і стабільнай працы я зноў апынуся ў падвешаным стане.
Дапамажыце мне, калі ласка, закрыць фінансавы разрыў да верасня: аплаціць арэнду жылля, ежу, транспарт і базавыя бытавыя выдаткі на бліжэйшы час, пакуль я скончу навучанне.
Сума збору
€2200
€1200 – арэнда жылля
€500 – ежа
€500 – сувязь, транспарт, бытавыя выдаткі
