Жонцы палітзняволенага патрэбна дапамога, каб вярнуць сыну зрок

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Добры дзень. Я – жонка палітвязня, які зараз адбывае тэрмін у калоніі. Пакуль мой муж у закладніках рэжыму, я баюся публічна называць сябе. Але вымушана, хоць і ананімна, звярнуцца па дапамогу да вас, бо без дапамогі людзей сама не дам рады.

Пра хваробу сына мы даведаліся незадоўга да затрымання майго мужа. Альтэрнуючая эзатрапія. Зрок у дзіцяці проста раптоўна і маментальна сеў на абодвух вачах, хоць раней ніколі праблем са зрокам не было. Пакуль мы праходзілі з дзіцем абследавання і шукалі варыянты лячэння, у нашу хату прыйшла новая бяда.

У 2022 годзе майго мужа арыштавалі на нашых вачах. Пазней ён быў асуджаны па палітычным артыкуле і на шмат гадоў адпраўлены ў калонію. Я была проста спустошана. Апынуўшыся з дзецьмі на руках, я збірала сваё жыццё нанова. Тыя пытанні, якія раней вырашаў муж, зараз ляглі на мае плечы. Я стала для нашых дзяцей і мамай, і татам.

Але і на гэтым няшчасці не скончыліся: адправіўшы майго мужа ў турму, сілавікі прыняліся за мяне – пагражалі арыштам, шантажавалі дзецьмі. Не перадаць, як мне было страшна. Сабраўшы апошнія сілы і грошы, каб выратаваць сябе і дзяцей, я з'ехала ў Літву ў пошуку бяспекі.

Пасля стрэсу і пераезду сітуацыя са здароўем сына ў геаметрычнай прагрэсіі пачала пагаршацца. У яго вельмі вялікая прыхільнасць да таты, расстанне і ад'езд пагоршылі яшчэ больш рэшткі зроку.

Аднавіць зрок майму сыну зараз можна толькі з дапамогай аперацыі. Спачатку я спрабавала знайсці нейкія альтэрнатыўныя метады, але ў выніку мы прыйшлі з доктарам да высновы, што аперацыю рабіць давядзецца. Але і тое лячэнне, што ўжо рабілася, трэба працягваць.

Аперацыю можна зрабіць па дзяржаўнай страхоўцы, але давядзецца чакаць некалькі гадоў. Нам чакаць немагчыма. Сын расце і шанцы на хуткую рэабілітацыю змяншаюцца з кожным месяцам.

На тэрапію за год мы патрацілі €4400. Але спыняць яе нельга, акрамя гэтага дадасца яшчэ і сума за аперацыю. Дакладнай сумы пакуль няма, чакаем кансультацыю ў сакавіку, але ў сярэднім такая аперацыя выходзіць €1200 і вельмі спадзяюся, каб яна спатрэбілася толькі адна.

Я прашу неабыякавых людзей дапамагчы мне выратаваць зрок майго сына, каб ён меў мажлівасць сваімі вачамі ўбачыць свайго тату, калі той выйдзе на волю.

Я трымаюся, але мне вельмі патрэбная ваша падтрымка!

Сума збору

€4500

€2000 аплата тэрапіі ў клініцы (кожную нядзелю цягам года)

€1200 аперацыя плюс кансультацыя доктара 

€900 аплата акуляраў (замена лінз раз на 3 месяцы і аправа)

€700 аплата астэапата (па рэкамендацыі кансультуючага доктара)

€500 аплата візітаў да доктара (4 разы на год)

Сабрана:
€ 3 727 з 4 500