Асвоіць прафесію, каб выжыць: дапамога былому палітвязню, якому сапсавалі здароўе ў турме

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Аляксандр* выйшаў з турмы ў сярэдзіне 2024 года, правёўшы ў зняволенні паўтара гады. Мужчына застаецца ў Беларусі, хоча і надалей зарабляць на жыццё сваім розумам і сіламі.

«Пасля вызвалення я сутыкнуўся з сур'ёзнымі праблемамі: здароўе, сапсаванае ў турме, перашкаджае мне працаваць фізічна, зроблена ўжо дзве аперацыі, працяглае лячэнне патрабуе значных сродкаў, – распавядае беларус. – Я не здаюся і гатовы вучыцца новаму. Мая мэта – асвоіць прафесію, якая дазволіць працаваць дыстанцыйна, і аднавіць фінансавую незалежнасць. Але цяпер мне патрэбна дапамога».

Да падзей у жніўні 2020 года Аляксандр развіваў свой невялікі бізнэс: укладаў у яго сілы і сродкі, закупляў абсталяванне і арандаваў памяшканне. Усё рабіў сваімі рукамі. У 2023 годзе мужчыну арыштавалі і скаралі на паўтара гады калоніі па «народным» артыкуле 342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Былы палітвязень распавёў, што падчас арышту ягоная справа прастойвала, хаця арэнда была аплачаная загадзя. Родныя спадзяваліся на вызваленне, але пасля прысуду і адпраўкі ў калонію абсталяванне сышло ў рахунак арэнды, аб бізнэсе давялося забыцца, а ўсе грошы былі выдаткаваныя на яго падтрымку.

«Як кажуць у народзе, на аднаго зэка працуе ўся сям'я, і ​​добра, калі яна ёсць, – нявесела жартуе Аляксандр. – Мне пашанцавала з роднымі, але перадачы, адвакат, – усё гэта патрабуе выдаткаў, прычым, сталых».

У зняволенні мужчына займаўся цяжкай фізічнай працай. Спачатку з'явілася пахвінная грыжа, пасля – праблемы з кісцямі рук, а ў дадатак у мужчыны пачаліся эпілептычныя прыпадкі, якія ён змог дыягнаставаць толькі звярнуўшыся да лекараў на волі.

Цяпер Аляксандр звярнуўся па дапамогу ў медыцынскай рэабілітацыі ў фонд ByHelp, але яму патрэбная фінансавая падтрымка на перыяд, пакуль ён зможа асвоіць новую прафесію.

«Праз праблемы са здароўем я не магу займацца фізічнай працай як раней, таму шукаю дыстанцыйную працу і настаўніцтва для засваення новай прафесіі, – распавядае мужчына. – Я прывык не апускаць рукі, не чакаць дапамогі, шукаю сябе, уладкаваўся мэнэджэрам па продажах, веру, што дзякуючы вашай падтрымцы змагу пераадолець цяжкасці і пачаць новы раздзел свайго жыцця. Дзякуй кожнаму, хто адгукнецца і паверыць у мяне!

Каб пачаць новае жыццё пасля зняволення, трэба шмат чаго: вучыцца і аднаўляцца як фізічна, так і маральна. Закрываць базавыя патрэбы, пакуль ідзе пераходны перыяд. Празвычайвацца да грамадства нанова. Вярнуць сабе павагу і ўпэўненасць у сабе.

Але пры гэтым увесь час натыкаешся на адмовы падчас прыёму на працу. За ветлівымі фразамі часта хаваецца нежаданне браць чалавека з судзімасцю, асабліва калі яна звязаная з палітыкай.

Сабраныя сродкі пойдуць на навучанне, лячэнне, аплату жылля і ежы, дапамогу ў сацыялізацыі і пошук працы.

*Мы змянілі імя героя ў мэтах бяспекі, бо ён знаходзіцца ў Беларусі

Сума збору

€2800

€1100 – курсы перападрыхтоўкі на новую прафесію
€1000 – выдаткі на харчаванне, бытавыя патрэбы на 2-3 месяцы
€700 – запазычанасць за камунальныя паслугі, якіая назбіралася, пакуль мужчына быў у калоніі

Сабрана:
€ 765 з 2 800