Тры месяцы таму, калі маці ішла па горадзе, яе спыніў патруль і запатрабаваў паказаць тэлефон. Мама спрабавала спрачацца і казала, што тэлефон – гэта яе асабістая рэч, але ўсё было дарэмна. Паводле новага «закону» правяраць мабільны на вуліцы стала магчымым, таму мама вымушана была падпарадкавацца і аддала тэлефон. У ім былі падпіскі, сацыяльныя сеткі і рассылкі – увесь набор матэрыялаў, каб атрымаць крымінальнае абвінавачанне.
Маму забралі «да высвятлення абставін». У камеры было халодна, і каб сагрэцца, яна прысядала і адціскалася. Гэта не спадабалася ахове, і маму змясцілі ў карцэр. Там яна захварэла: з'явіліся дрыжыкі і кашаль. Калі мама папрасіла лекі, ёй адказалі, што «не пакладзена», і дадалі: «пасядзіце, залатая нацыя, падумайце».
А ў гэты час у нас дома адбываўся ператрус. Памятаю, не паспела я адчыніць дзверы, як у кватэру ўварваліся людзі ў форме і перавярнулі яе ўверх дном. Пасля сябе яны пакінулі шмат бруду і непрыемнае ліпкае пачуццё поўнай безвыходнасці ў мяне на душы.
Потым быў суд. Маму прывялі на яго ў кайданках, быццам яна злосная тэрарыстка. Але суддзя не стала даваць ходу крымінальнай справе і абмежавалася штрафам – 800 рублёў.
Мы падумалі, што на гэтым усё скончыцца. Аднак праз дзень маці выклікалі на допыт у КДБ. Чалавек, які праводзіў з мамай «гутарку», не прадставіўся і адразу пачаў запалохваць. Ён паказаў раздрукоўку ўсіх падабаек і каментароў, якія яна пакідала ў 2020 годзе, паказаў фатаграфіі з мірных акцый, на якія выходзіла маці. І ўвесь час пагражаў: казаў, што маму звольняць з працы, што мяне выключаць з універсітэта, што нас пасадзяць у турму.
А пасля допыту – новы ператрус. На гэты раз канфіскавалі наш кампутар і мой стары тэлефон. Я думала, што ўсё там пачысціла, але сілавікі змаглі аднавіць частку інфармацыі, якая некалі на ім захоўвалася: фота і відэа з пратэстаў, перапіскі, пацверджанне данатаў на Ўкраіну.
Мы трапіліся.
Я не ведаю чаму, але нас адразу ж не павезлі ў СІЗА. Так што мы сабралі крыху рэчаў і з'ехалі з дому. Спыніліся ў сяброўкі. Напісалі ў службу эвакуацыі BYSOL, нам зрабілі візы і дапамаглі з'ехаць.
Цяпер мы ў Літве. Жывем у кватэры ў маёй знаёмай, якую некалі мы з мамай праводзілі на вакзал і жартавалі, што хутка ўсё скончыцца, і мы зноў сустрэнемся ў Менску. Але атрымалася па-іншаму.
Маці пацвярджае свае дыпломы, каб уладкавацца настаўніцай у беларускую гімназію. А я хачу працягнуць вучобу ў літоўскім універсітэце. Але пакуль што ў нас нічога няма, толькі самыя простыя падпрацоўкі – мы наняліся прыбіральніцамі ў адну з установаў Вільні.
Мы просім вас дапамагчы, бо мы не былі гатовыя да таго, што давядзецца тэрмінова з'язджаць з Беларусі. Там застаўся наш дом і наша жыццё. А тут трэба пачынаць усё спачатку. І з вашай падтрымкай нам будзе лягчэй.
Сума збору
€4000
€1000 – дэпазіт і аплата рыэлтара падчас пошуку жылля
€1000 – аплата жылля на першыя 2-3 месяцы
€500 – дакументы і консульскія зборы для афармлення віз і ДНЖ
€500 – адзенне на канец лета, пачатак восені
€200 – лекі, бо у мамы праблемы з ціскам, а ў мяне неўралагічны дыягназ
€800 – запас сродкаў на жыццё на першы час