Дапамога беларусцы, якая з'ехала праз рэпрэсіі, уладкавацца ў новай краіне

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Добры дзень!
Мяне завуць Марына. Я хвалююся за сваякоў, якія засталіся ў Беларусі, таму вымушана зрабіць збор ананімным. Але пастараюся падрабязна расказаць сваю гісторыю, каб растлумачыць, чаму я звяртаюся да вас па дапамогу.

У 2020 годзе я была абураная вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і падаўленнем мірных пратэстаў. Каб заявіць аб сваёй пазіцыі, мы з калегамі стварылі незалежны прафсаюз на БМЗ (Беларускі металургічны завод – нататка BYSOL), дзе я тады працавала. Пасля гэтага мяне сталі запрашаць на размовы з супрацоўнікам КДБ, які займаў высокую пасаду на заводзе. Ён мяне папярэджваў што, калі я працягну «актыўнічаць», то гэта будзе мець для мяне наступствы.

У канцы 2022 года непасрэдна з працоўнага месца супрацоўнікі міліцыі павезлі мяне ў пастарунак, дзе склалі пратакол па адміністрацыйным артыкуле 19.11 (19.11 КаАП РБ — распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці), таксама канфіскавалі тэлефон як «зброю злачынства» і адправілі ў ІЧУ. Першыя суткі я правяла ў карцэры. Там усю ноч гарэла святло і кожныя некалькі гадзін мяне будзілі, пытаючыся мае дадзеныя і дату нараджэння. Потым быў суд, які прызнаў мяне вінаватай у распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і прызначыў 13 сутак арышту.

Да гэтага я не ведала, што такое беларуская турма! Я спала на голай дошцы, у душ не вадзілі, па запыце маглі даць вядро гарачай вады, правяралі па тры разы на дзень, выводзілі ў кайданках галавой долу, забаранялі сядзець на матрацах у сукамернікаў.

Праз месяц пасля вызвалення да мяне прыйшоў участковы, праверыў мой новы тэлефон, запісаў нумар, даў падпісаць нейкія паперы і сышоў. Потым я была выкліканая да пракурора, які даў мне падпісаць паперу, якая папярэджвае пра тое, што, калі я буду недзе заўважаная, на мяне завядуць крымінальную справу. Я падпісала той дакумент, у надзеі вярнуцца да звычайнага жыцця, калі буду маўчаць і паводзіць сябе ціха.

Аднак з прадпрыемства, дзе я прапрацавала больш за 8 гадоў, мяне звольнілі за прагул, у сувязі з адбываннем адміністрацыйнага арышту. За час маёй працы на заводзе я не раз была ўзнагароджана дыпломамі. Але выходзіць, гэта нічога не значыць, як толькі твая думка і голас ідуць уразрэз з палітыкай прадпрыемства.

Кіраўніцтва запэўнівала ў 2020 годзе, што ніхто не пацерпіць і нікога не звольняць. Але пасля майго звальнення ніхто з кіраўнікоў не падышоў і не сказаў ні слова, як быццам мяне на заводзе ніколі і не было. Горад наш невялікі, працы мала, завод з'яўляецца адным з галоўных працадаўцаў горада. У пошуку новай працы я часта сустракала аб'явы, дзе прадпрыемствы рабілі пазнаку, што з запісамі ў працоўнай кніжцы не бярэм. Ад гэтага апускаліся рукі.

Потым было ціха, але аднойчы, улетку, пасярод будня прыйшоў міліцыянт. Ён нібы шукаў маю маму — проста абышоў усю кватэру і сышоў, так нічога і не растлумачыўшы. У той момант я зразумела, што мяне ў спакоі не пакінуць і проста шукаюць любую нагоду, каб прымяніць крымінальны артыкул і пасадзіць мяне. Баючыся за сваю бяспеку, я з'ехала з краіны.

У Польшчу я прыехала ў снежні 2023 года і цяпер знаходжуся ў пошуку працы. Мяне часова прытулілі знаёмыя, але мне вельмі ніякавата іх абмяжоўваць. Мне важна пачаць працаваць, але пакуль я вымушана прасіць вас аб дапамозе, каб стаць на ногі. Я хаджу на бясплатныя курсы польскай мовы і планую атрымаць адукацыю ў медыцынскай школе (асістэнт стаматолага, гігіеніст, падолаг) у мясцовай установе адукацыі, каб хутчэй пачаць зарабляць. Я буду вельмі ўдзячная за любую пасільную суму!

Сума збору:

€1500

€500 на арэнду жылля на 2 месяцы
€500 на адукацыйныя курсы па новай прафесіі
€300 на адзенне
€200 на бытавыя моманты і паслугі

:
€ 1 500
Збор завершаны. Сабрана: € 1 500