Вітаю! Я просты беларус, які зараз апынуўся ў складнай сітуацыі. Мне 50 год. Знаходжуся ў Польшчы яшчэ з канца 2020 года, калі пераехаў сюды праз моцнае адчуванне небяспекі ў Беларусі. Да гэтага жыў у Мінску, працаваў акцёрам эпізадычных роляў. Акрамя гэтага з 90-х быў сябрам Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, выходзіў на плошчу ў 2010 годзе і на маршы ў 2020-м.
Вырашыў з’ехаць разам з жонкай, калі мяне пачалі шукаць сілавікі. Мы б зрабілі гэта раней, калі б не любімы сабака. Пакідаць яго быў не варыянт, таму чакалі дакументы. Як толькі ўсё было гатова, рушылі ў Польшчу. Але ў эміграцыі ўсё было няпроста. Спачатку ашукалі на першай жа працы – заплацілі ў 10 разоў менш. Знайшоў іншую, электрыкам у прыватнай фірме — падавалася, усё стала добра.
Але напачатку 2024-м мы разышліся з жонкай, і з гэтага пачаліся ўсе няшчасці. Пачалі балець ногі, у лютым і сакавіку прыйшлося зрабіць дзве аперацыі. Потым тры месяцы заняла рэабілітацыя, то бок я не мог працаваць. Калі аднавіўся, уладкаваўся ахоўнікам у краму – а там зноў ашукалі. Потым памерла маці, з якой я нават не змог развітацца. А мінулай восенню ў мяне скралі дакументы, у тым ліку карту побыту, банкаўскія карты. Пакуль тры з паловай месяцы чакаў аднаўлення дакументаў і не мог працаваць. Але прынамсі былі грошы на жыццё.
А 29 снежня 2024 года я раптоўна страціў прытомнасць. Памятаю, як быў дома, пайшоў на кухню – і ўпаў. У гэты час на пліце гатавалася ежа, яна пачала гарэць. Ужо потым даведаўся, што суседзі выклікалі пажарных і паліцыю, якія зайшлі ў кватэру праз вакно. Яны выклікалі хуткую.
У шпіталі я перажыў клінічную смерць. Таксама праз падзенне было зламанае рабро, разбіты твар. Але заставацца доўга там я не мог – дома чакаў сабака. Праўда, калі пакінуў шпіталь пад сваю адказнасць, апынулася, што дому больш няма: гаспадар разарваў дамову, якая была да траўня 2025-га. У выніку не стаў спрачацца, аддаў ключы і пайшоў з сабакам на вакзал. Потым жыў у метро.
Некалькі месяцаў таму я ўладкаваўся ў дастаўку, цяпер жыву ў хостэле. Мне падабаецца мая праца, я езджу на ровары – гэта карысная фізічная нагрузка. У мяне ёсць лепшы сябар – мой сабака, за якога нясу адказнасць. Побач ёсць добрыя людзі, а тым, што адвярнуліся, я ўпэўнены – усё вернецца бумерангам.
Зараз я б хацеў зноў вярнуцца да нармальнага жыцця: аддаць пазыкі, арэндаваць нарэшце кватэру і знайсці сабе і сабаку дом. Буду вам вельмі ўдзячны за дапамогу.
Тэкст для збору напісаны з выкарыстаннем матэрыяла партала «Белсат».
Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імя героя. Выява згенераваная з дапамогай ШІ.
Сума збору
€2500
€1500 – аплата кватэры на 3 месяцы
€600 – вяртанне пазык, якія назбіраліся за час бяздомнага жыцця
€400 – ежа і побытавыя расходы