«Я ўцякала ад крымінальнага пераследу каб уратаваць жыццё свайго дзіцяці»

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Беларуска з сынам апынулася ў эміграцыі, каб не патрапіць у турму. Цяпер яна жыве ў Польшчы. З малым дзіцём на руках яна доўга не магла ўладкавацца на працу. Цяпер сын падрос, жанчына можа ісці на працу, але да першых заробкаў ёй патрэбная падтрымка, каб аплаціць жыллё і дзіцячы садок.

Мяне завуць Ніна*. Я былая палітзняволеная з Беларусі. Мне прыйшлося прайсці праз арышт, ІЧУ, турму, суды, прысуд і вымушаны выезд з краіны. Калі ўсё гэта адбывалася, я была цяжарная. Сістэма ведала, што я нашу дзіця, але гэта нікога не спыніла. Наадварот, мая цяжарнасць для іх стала яшчэ адным спосабам ціску. Пасля жудасных умоў у ІЧУ я правяла больш за тры месяцы ў адной з самых страшных турэм Беларусі. Гэты час немагчыма проста забыць і выкрэсліць з жыцця. Мяне прысудзілі да «хіміі». Я падала апеляцыю, але разумела: ілюзій быць не можа.

З дапамогай каманды BYSOL мне ўдалося эвакуіравацца. Гэта было цяжка, страшна і нервова. Я была цяжарная, у пастаянным напружанні, без разумення, што будзе заўтра. Але мы справіліся. Цяпер я з сынам у Польшчы. У нас ёсць міжнародная абарона, малы таксама атрымаў статус бежанца. Фармальна мы ў бяспецы. Але гэта не значыць, што жыццё стала нармальным і спакойным. Я адна з двухгадовым сынам у эміграцыі. Родныя засталіся ў Беларусі і дапамагчы не могуць, усё трымаецца толькі на мне.

Пазней, ужо пасля маёй эвакуацыі, у Беларусі мяне завочна асудзілі ўжо да калоніі і абвясцілі ў пошук. Нават пасля таго, як я з’ехала, дзяржава не пакінула мяне ў спакоі. У іх не атрымалася дастаць мяне наўпрост і яны пачалі ціснуць на маіх родных.

Бацькі не бачаць унука, не могуць быць побач са мной, і самае страшнае – іх таксама не пакідаюць у спакоі: тэлефануюць, выклікаюць на размовы, пытаюцца пра мяне, патрабуюць сказаць, дзе я знаходжуся, ці нарадзіла я, дзе жыву.

Я вельмі моцна баюся за іх, асабліва пасля таго, што ўжо здарылася ў нашай сям’і. Мая блізкая сваячка ехала да мяне. На граніцы яе затрымалі: некалькі гадзін дапытвалі, потым арыштавалі, пасля гэтага адпусцілі, але сказалі, што зноў выклічуць, пагражалі крымінальнай справай за «дапамогу экстрэмістам».

Пасля таго, як яе адпусцілі, яна сказала мне: «Цяпер я разумею, што ты перажыла, калі сядзела ў турме, як яны з табой абыходзіліся». Потым яе зноў пачалі выклікаць. Пасля допытаў, пагроз і арышту ў яе адбыўся ўдар. Яна патрапіла ў бальніцу і праз некалькі дзён памерла, не прыходзячы ў прытомнасць. Маладую, здаровую жанчыну, я лічу, забілі: допытамі, пагрозамі, арыштам і ціскам. Яе давялі. Яе зламалі праз мяне. Праз тое, што я выжыла, з’ехала і нарадзіла дзіця не ў іх руках.

Цяпер мая галоўная праблема вельмі простая і побытавая: трэба ўладкаваць неяк жыццё тут, у Польшчы. Не прыгожае, не зручнае, не спакойнае, а проста нармальнае жыццё для мяне і дзіцяці. Пакуль сын быў зусім маленькі, я не магла выйсці на паўнавартасную працу. Яго нельга было проста пакінуць аднаго. Садка не было, дапамогі побач не было, родных побач не было. Атрымалася замкнёнае кола: каб працаваць, мне трэба адправіць дзіця ў садок; каб аплаціць садок, мне трэба працаваць.

Цяпер з’явілася магчымасць аддаць сына ў садок, але аплочваць яго пакуль няма з чаго. У верасні мне трэба ўнесці каля 1500 злотых, потым у кастрычніку зноў прыкладна столькі ж. Мне тлумачаць, што частка выплат можа быць звязаная з тым, ці выйду я на працу. А каб выйсці на працу, мне спачатку трэба аплаціць садок.

Мне трэба плаціць за кватэру, купляць ежу, дзіцяці патрэбны адзенне і абутак. Трэба падрыхтаваць яго да садка: зменныя рэчы, абутак, адзенне па сезоне, сродкі гігіены, усё найбольш звычайнае, без чаго дзіця проста не прыняць нармальна ў групу. Я ўжо ўся ў даўгах, вельмі хачу працаваць і не прашу грошай для таго, каб сядзець дома і нічога не рабіць. Хутка я выйду на працу хоць бы на паўстаўкі, а калі атрымаецца, вазьму больш. Працаваць я гатовая хоць на паўтары стаўкі, абы выйсці з гэтага стану галечы нейкай і самастойна забяспечваць нас з сынам.

Я прашу вашай дапамогі на самы складаны час: аплаціць арэнду жылля, дзіцячы садок, прадукты, сродкі гігіены і адзенне для дзіцяці. Гэтая падтрымка дасць мне магчымасць не праваліцца яшчэ глыбей у даўгі, аплаціць садок і выйсці на працу.
Дамажыце нам калі ласка!

*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі нязначныя падрабязнасці гісторыі. Выява згенеравана з дапамогай ШІ.

Сума збору
€3000

€1850 – арэнда жылля і камунальныя выдаткі на тры месяцы
€1150 – аплата дзіцячага садка / ясляў на тры месяцы

Сабрана:
€ 3 009 з 3 000