Дапамога акцёру Аляксандру Ждановічу (Маляванычу) кампенсаваць скрадзеныя грошы

  • Гісторыя

Добры дзень!
На сувязі каманда збораў BYSOL.

Мы адкрываем гэты збор, каб дапамагчы акцёру і тэлевядоўцу Аляксандру Ждановічу (вядомаму шмат каму як Маляваныч), у якога тэлефонныя махляры скралі €3000.

18 кастрычніка Аляксандр павінен быў ладзіць вечар Батлейкі ў варшаўскім Беларускім моладзевым хабе. Перад самым выступам яму патэлефанавалі «супрацоўнікі банка» і паведамілі трывожную навіну — нібыта была спроба зняць сродкі з ягонага рахунку. Каб абараніць грошы, Аляксандру трэба было тэрмінова прадставіць асабістыя дадзеныя… У выніку доступ да банкінгу аказаўся заблакаваны, а сродкі выкрадзеныя.

— Махляры спачатку размаўлялі па-украінску. Калі я сказаў, што кепска яе ведаю, перайшлі на расійскую мову. Вядома, шмат што мусіла мяне насцярожыць. Але гэтыя «артысты» мяне купілі на тое, што назвалі некаторыя дадзеныя, якія, як я думаў, маглі ведаць толькі сапраўдныя супрацоўнікі банка. Увогуле, як прафесіянал скажу: сыграна на выдатна — падзяліўся пазней Аляксандр.

Калі Аляксандр зразумеў, што стаўся ахвярай ашуканцаў, ён заблакаваў карту і звярнуўся ў банк, але было ўжо позна — вярнуць грошы не ўдалося. З €3000 на яго рахунку засталося зусім няшмат.

– Агулам рахунак заблакаваны. Раяць тэлефон абнавіць ды першапачатковых наладак і паставіць антывірус.

Аляксандр Ждановіч — чалавек, які цягам многіх гадоў дарыў беларусам радасць і святло сваёй творчасцю. Ён працаваў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага, а з 1996 года быў вядучым праграмы «Калыханка» (на думку Каманды збораў BYSOL, Маляваныч — лепшы вядучы дзіцячай перадачы ўсіх часоў і народаў).

Увосень 2020 года яго арыштавалі на дзевяць сутак за ўдзел у мірнай акцыі, калі ён заступіўся за жанчыну, на якую крычаў АМАПавец. У 2021 годзе акцёра звольнілі з тэатра паводле артыкула 47 Працоўнага кодэкса — праз страту даверу з боку наймальніка.

У пачатку 2022 года, калі ціск узмацніўся, і акцёра пачалі зноў выклікаць на допыты, ён быў вымушаны эміграваць у Грузію, а потым пераехаў у Польшчу.

Цяпер Маляванычу патрэбная наша дапамога. Любая падтрымка, ці невялікае ахвяраванне, ці проста распаўсюд інфармацыі (але не забывайце пра сваю бяспеку), дапаможа кампенсаваць страчанае.

З падзякай,
Каманда збораў BYSOL.

Сума збору

€3000

Столькі грошай было на рахунку ў Маляваныча да таго, як яму патэлефанавалі махляры.

:
€ 4 359
Збор завершаны. Сабрана: € 4 359