Вітанкі, сябры! Мяне завуць Валерыя Чарнаморцава, шмат каму вядомая як Lierka Liusterka. Я арганізоўвала беларускамоўныя культурна-асветніцкія вандроўкі па Беларусі і за мяжу з рознымі культурніцкімі івэнтамі, канцэртамі, лекцыямі ад пачатку 2000-х гадоў. Нейкі час працавала ў турфірме, а пасля ў культурна-асветніцкіх установах, у тым ліку ў вядомай “Арт Сядзібе”.
Таксама доўгі час з’яўлялася актывісткай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, пачынаючы з 2000-га года і да 2020-га ўключна была незалежнай назіральніцай на ўсіх «выбарах», дзе з году ў год фіксавала шматлікія фальсіфікацыі.
З 2007 году вяла ў аргкамітэце БХД праект “Пакаянне”, запісвала па ўсёй Беларусі ўспаміны былых вязняў ГУЛАГу. Гэтыя матэрыялы леглі ў аснову Віртуальнага музея савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі, адной са стваральнікаў якога я з’яўляюся.
Я арганізоўвала і праводзіла шматлікія экскурсіі ў Курапаты, месца сталінскіх расстрэлаў пад Менскам. У 2016 годзе скончыла курсы экскурсаводаў з выпускной працай “Турыстычны патэнцыял урочышча Курапаты”, але абараніць гэты маршрут на пасведчанне экскурсавода мне не дазволілі з палітычных прычынаў.
Менавіта за экскурсіі ў Курапаты ў кастрычніку 2022 года да мяне, выбіўшы дзверы, прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Яны пакрыўдзіліся за тое, што я быццам бы зневажала іх папярэднікаў-энкавэдыстаў, якія расстрэльвалі бязвінных людзей у 1937-м. Праўда, афіцыйна арыштаваная я была ўсё ж па «народым» палітычным артыкуле 342 за ўдзел у маршах пратэсту 2020-га года. Але мне пашанцавала, і пасля 10 содняў катаванняў на Акрэсціна і некалькіх месяцаў у СІЗА на сумнавядомай Валадарцы я была асуджаная да 2,5 гадоў «хатняй хіміі».
Чакаць другога арышту я не стала і эвакуявалася ў Вільню, дзе жыву ўжо два гады. Тут арганізоўваю і праводжу беларускамоўныя шпацыры па Вільні, а таксама іншыя культурніцкія беларускія івэнты, канцэрты, лекцыі, квэсты. За гэты час я скончыла магістратуру ЕГУ на праграме «Разьвіцьцё культурнай спадчыны», а зараз паставіла сабе амбітную мэту – скончыць курсы экскурсаводаў па-літоўску і атрымаць пасведчанне экскурсавода, каб мець магчымасць афіцыйна праводзіць тут экскурсіі.
Вядома, гэта вельмі цяжка для мяне, бо мовы мне ніколі не даваліся. А пасля кавіду, на які захварэла ў 2020-м, у мяне дыягнаставалі дыябет, які ў тым ліку дае ўскладненьні на памяць. Але я ўпарта змагаюся, вучу англійскуюі і літоўскую штодня, пайшла таксама на курсы па паляпшэнні памяці.
Але разам з курсамі экскурсаводаў гэта займае ўвесь вольны час, і сілаў на нейкую падпрацоўку ўжо не хапае. А між тым мая невялічкая стыпендыя ў магістратуры ўжо скончылася. Таму вымушаная з’вярнуцца да вас, мае даражэнькія, па падтрымку на тры бліжэйшыя месяцы вясны, каб з лета стаць вашым афіцыйным экскурсаводам па Вільні.
Прашу дапамагчы мне аплаціць ўласна курсы экскрусаводаў і спадарожныя выдаткі на навучальныя экскурсіі, а таксама дапаможныя інтэнсіўныя курсы літоўскай мовы і разьвіцьця памяці, аплату жытла за тры месяцы, абавязковую літоўскую медычную страхоўку Sodra і набыцьцё планшэта для экскурсіяў.
Калі вы падтрымаеце мяне на суму, пачынаючы ад 50 еўра і больш, а пасля звернецеся да мяне асабіста, змагу аддзячыць сваёй экскурсіяй па Вільні.
Сума збору
€2100
€500 – курсы экскрусаводаў і спадарожныя выдаткі
€290 – інтэнсіўныя курсы літоўскай мовы і развіцця памяці
€900 – арэнда пакоя на тры месяцы
€220 – аплата медычнай страхоўкі Sodra за тры месяцы
€190 – планшэт для экскурсій