Дапамога Уладзіславу Лапло, рэпрэсаванаму студэнту

  • Гісторыя

Мяне клічуць Уладзіслаў Лапло, я – былы студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, а таксама рэпрэсаваны актывіст.

9 жніўня 2020 года, пасля закрыцця выбарчых участкаў, я прыйшоў паглядзець на вынікі выбараў, што на думку беларускіх уладаў ужо з'яўляецца нагодай для пераследу. У жніўні 2020 года, будучы ў Магілёве, я прымаў актыўную грамадзянскую дзейнасць, удзельнічаючы ў мірных маршах і ланцугах салідарнасці.

У верасні 2020 года я паехаў у Менск на вучобу і ўжо там да кастрычніка 2020 года браў удзел у нядзельных маршах. Апроч гэтага, я браў удзел ва ўніверсітэцкіх забастоўках. Пісаў зварот на імя рэктара, каб ён публічна падтрымаў патрабаванні народнага ўльтыматума. Таксама, у гэты час я ездзіў у Магілёў і дапамагаў чату «Магілёў Адраджэнне». У лістападзе 2020 года разам са студэнтамі мы пачалі наведваць дваровыя маршы. Быў у чаце «Салідарны БДУФК». Многіх студэнтаў адлічылі, але мне пашанцавала.

З 24.02.2022 нас ва ўніверсітэце сталі прымушаць датэрмінова галасаваць за рэферэндум і пагражалі выселіць з інтэрната, але я ігнараваў гэта і пайшоў галасаваць 27.02.2022 у дзень рэферэндуму. Паставіў 2 крыжыкі, каб бюлетэнь зрабіць несапраўдным. Пасля чаго я паехаў на мітынг у гонар Украіны, збор быў а 17:00 каля Генеральнага штаба Рэспублікі Беларусь. Там мяне затрымалі спецслужбы, пасля чаго павялі ў аўтазак. Калі машыну «нагрузілі» людзьмі, нас павезлі ў Савецкае РАУС. Там нас аформілі і павезлі ў ІЧУ Акрэсціна. Першую ноч нас у камеры было 20 чалавек, на наступны дзень нас павялі на суд, дзе мне пастанавілі 14 сутак. Далей нас змясцілі назад у камеры, але нас ужо было 80 чалавек. На наступны дзень нас павезлі ў Выпраўленчую калонію №8 г. Жодзіна. У камеры нас было 34 чалавекі, спалі мы кучна, каб было цёпла, бо матрацы і пасцель нам не выдалі. Збівалі нас на першым тыдні, каб да заканчэння арышту сінякі маглі сысці, аднак у мяне яны яшчэ засталіся.
За 14 сутак нас ні разу не вывелі на вуліцу. Адзін раз вадзілі ў душ. Нас там было дзве камеры (67 чалавек), да ўсяго гэтага яшчэ прымянілі пярцовы балончык у душавы пакой.

Пасля заканчэння арышту, 15.03.2022, мяне адразу ж выклікаў дэкан факультэта Гуслістава Ірына Іосіфаўна. Яна дала зразумець аб тым, што супраць мяне трэба прыняць нейкія захады. На наступны дзень, 16.03.2022, мяне выклікаюць на камісію па прапусках канкрэтна за тыя дні, што я быў пад арыштам. Мне далі 1 вымову за першы тыдзень з 28.02.2022 па 04.03.2022 і сказалі, што камісія была без мяне. Другая вымова — з 07.03.2022 па 11.03.2022. На пытанне, чаму камісія без мяне, адказаць так і не змаглі.

18.03.2022 мяне выклікаюць у дэканат і там падаюць дакументы аб тым, што мяне адлічваюць з універсітэта. У запісе выразна чуваць, як спачатку кажуць, што «гэты артыкул сур'ёзны», а адлічылі па выніку за пропускі.

Пасля адлічэння на мой тэлефон паступала шмат званкоў. Ад знаёмых я даведаўся, што мяне шукае КДБ. Мне давялося тэрмінова пакінуць краіну. На дадзены момант я знаходжуся ў Польшчы. Першы месяц я здымаў жытло на сродкі, якія ўзяў з сабой, і адначасова шукаў працу. На знойдзенай працы мяне падманулі і мне давялося сысці, што паставіла мяне ў становішча недахопу сродкаў на жыллё і харчаванне. Буду ўдзячны кожнаму, хто акажа мне падтрымку ў гэты жыццёвы перыяд.

Якая сума неабходна?

1550 € — арэнда жылля на два месяцы ў Польшчы; купля прадуктаў харчавання.

:
€ 225
Збор завершаны. Сабрана: € 225